Сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, якая традыцыйна лічыцца самай прэстыжнай літаратурнай узнагародай у сьвеце, атрымаў францускі пісьменьнік Жан-Мары Густаў Лё Клезіё (Jean-Marie Gustave Le Clezio). У вэрдыкце Швэдзкай Акадэміі кажацца, што прэмію атрымоўвае "аўтар новых шляхоў, паэтычных прыгодаў і пачуцьцёвага экстазу, дасьледнік чалавечнасьці па-за і пад паноўнай цывілізацыяй”.
Лё Клезіё нарадзіўся ў 1940 годзе ў Ніцы, у сям’і, якая сваімі каранямі сягае да францускіх перасяленцаў XVIII ст. на востраве Маўрыціюс у Індыйскім акіяне. Ягоны бацька быў хірургам, які служыў у брытанскай арміі і ў часе нараджэньня сына пражываў у Нігерыі. Калі Лё Клезіё было сем гадоў, ён пераехаў з глуханямой маці да бацькі ў Нігерыю. Падчас месячнага падарожжа ён пачаў свой літаратурны шлях, пішучы ажно дзьве кніжкі.Вядомасьць у літаратурных колах здабыў сваім першым раманам, „Le proces-verbal ” („Пратакол”, 1963) — своеасаблівай гісторыяй уцёкаў з рутыннай штодзённасьці ў іншы сьвет. Герой раману, малады чалавек, бадзяецца па горадзе, зьвяртаецца з палкай прамовай да абыякавага натоўпу ды ў выніку апынаецца на нейкі час у вар’ятні. Першы раман Ле Клезіё крытыкі прыраўноўвалі да „Чужаніцы” А. Камю і „Млосьці” Ж.-П. Сартра.
Сёньня Лё Клезіё — аўтар каля 50 кніжак, сярод якіх раманы, зборнікі апавяданьняў і эсэ ды пераклады, улучна зь перакладамі міталёгіі індзейцаў мая. Ягоны творчы шлях можна збольшага разьдзяліць на раньні пэрыяд экспэрымэнтатарства, у якім дамінавалі такія тэмы як вар’яцтва, мова, працэс пісаньня, ды на пазьнейшы пэрыяд больш "традыцыйнага" пісьма, дзе галоўнымі тэмамі сталіся дзяцінства, дасьпяваньне і падарожжы. Посьпех у шырэйшай чытацкай публікі прыйшоў да Лё Клезіё з раманам „Desert” („Пустэльня”, 1980). У 2004 пісьменьнік напісаў найбольш аўтабіяграфічную і асабістую з сваіх кніжак, раман „L’Africain” („Афрыканец”) пра гісторыю дасьпяваньня малога хлопца ў Афрыцы ў ценю бацькі-чужынца.
Лё Клезіё — жарсны падарожнік. Даўжэйшы час пісьменьнік жыў у Нігерыі, Тайляндзе, Панаме, Мэксыцы, Англіі. Пачынаючы з 1973 году, ён дзеліць свой час паміж Францыяй, ЗША і Маўрыціюсам.
На беларускую мову Жан-Мары Густаў Лё Клезіё не перакладаўся.
(с) Радыё Свабода
|