Гімны Беларусі: Гімн ВКЛ (14–18 стст.) Гімн БНР (1918) Гімн Беларускай ССР (1955-1991) Гімн Беларусі (2002-) Іншыя гімны: Магутны Божа Не загаснуць зоркі ў небе Пагоня
«Багародзіца» – дзяржаўны гімн Вялікага Княства Літоўскага ў 14 – 18 стагодзьдзях. З 15 стагодзьдзя зваўся таксама «Песьняй Айчыны» і лічыўся ўжо старадаўнім. Сьпяваўся пры каранацыях, прыдворных цэрэмоніях і іншых урачыстасьцях, войскам перад бітвамі, пры асьвячэньні мошчаў сьвятых, на пахаваньнях дзяржаўных асоб. «Багародзіцу» адносяць да гімнаў, а не да малітваў, на падставе наяўнасьці вершаванага тэксту. Найстарэйшы запіс тэксту з мэлёдыяй зроблены ў 1407 годзе. У ВКЛ тэксты «Багародзіцы» зьмяшчаліся ў шмат якіх распаўсюджаных рукапісах і друкаваных выданьнях, ад так званага «Статута Яна Ласкага» (1506) да «Volumina legum» (1732). У 16 стагодзьдзі быў перакладзены на лацінскую мову. Вядома шаснаццаць нотных запісаў «Багародзіцы» зробленых у 15 – 18 стагодзьдзях. На вялікай дзяржаўнай харугве ВКЛ з аднаго боку была выява «Пагоні», а з другога – выява Багародзіцы. Улічваючы, што з другой паловы 13 стагодзьдзя выява Багародзіцы была гербам Полацкага княства магчыма ўявіць запазычаньне ВКЛ гэта герба, а магчыма і гімна «Багародзіца» ад Полацка. На падставе моўных дасьледаваньняў прыблізна вызначаюць тэрмін узьнікненьня гімну – сярэдзіна 14 стагодзьдзя, аднак ужытыя ў тэксту архаізмы кажуць за значна ранейшае аднясеньне гэтага твору (нават да 13 стагодзьдзя). «Багародзіца» зьяўляецца арыгінальным творам, дасьледчыкі не адшукалі адпаведнікаў у грэцкай, лацінскай, чэскай і нямецкай літаратуры. Упершыню ў крыніцах «Багародзіца» згадвацца Янам Длугашам, у сваёй Хроніцы ён распавядае, што на пачатку бітвы пры Грунвальдзе польска-літоўскае войска заспявала «Багародзіцу» і патрасаючы дзідамі рушыла на ворага. У канцы 14 стагодзьдзя «Багародзіца» разам з Ягайлам і яго прыбліжанымі трапіла ў Польшчу. У 15 стагодзьдзі гімн ўжо быў шырокавядомы ў Польшчы, стаўшы вайсковым і рэлігійным гімнам Рэчы Паспалітай. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што «Багародзіца» была ўласным каранацыйным гімнам Ягелонаў. Пазьней тэкст «Багародзіцы» быў дапоўнены дадатковымі радкамі. Мэлёдыя Багародзіцы набліжана да мэлёдый грыгарыянскага харалу; запісаны нотамі-нэўмамі на пяцілініі, у ключы ФА, у малай актаве, такім чынам, прызначана для выканання мужскім хорам ва ўнісон ці голасам. Танальна мэлёдыя належыць да 1. грыгарыянскага тону. Тэкст з манускрыпту з 1407 р. зьяўляецца першым (найранейшым) вядомым сёньня вершаваным запісам польскай мовы.
Багародзіца, Дзявіца Богам славёна, Марыя
У твайго сына, Гаспадзіна Маці звалёна, Марыя
Маці звалёна, Марыя Зычы нам і адпусьці нам
І дзеля Хрысьціцеля, Божыча Слыш галасы, чалавечы мысьлі поўнь
І малітву цябе узносім І даць рады цябе ж просім
Дай на сьвеце збожны пабыт Па жывоце дай райскі быт
Багародзіца, Дзявіца Богам славёна, Марыя
Другі варыянт словаў:
Багародзіца, Дзявіца, Богам слаўлена Марыя! У твайго сына, Гаспадзіна, Маці велічна, Марыя, Нам ласкі прасі спаслаць
Ты дзеля Хрысьціцеля, Божыча пачуй галасы, Чалавечы думкі споўнь І малітву нашу к Цябе А даць рач нам, Молім Цябе: Ва ўсім сьвеце збожны пабыт, Па жывоце вечны ў раі быт
Арыгінальны тэкст з першай старонкі рукапісу 1407 года:
Bogu rodzicza dzewicza Bogem s?awena maria U twego Syna gospodzina matko Swolena maria Zyszczy nam Sp?sczi nam. Kyrieleyson.
Twego dzela krzcziczela bo?ycze Us?ysz g?osi naplen misli cz?owecze S?ysz modlitw? j?? nosimi A dacz raczi jego? prosimi a naswecze zbozni pobit po?iwocze rajski przebit. Kyrieleyson.
Нацыянальны гімн Беларускай Народнай Рэспублікі.
Музыка — Уладзімера Тэраўскага. Словы — Макара Краўцова.
Мы выйдзем шчыльнымі радамі На вольны родны свой прастор. Хай воля вечна будзе з намі, А гвалту мы дамо адпор!
Няхай жыве магутны, сьмелы Наш беларускі вольны дух. Штандар наш бел-чырвона-белы, Пакрый сабой народны рух.
На бой! За шчасьце і за волю Народу слаўнага свайго! Браты, цярпелі мы даволі, На бой — усе да аднаго!
Імя і сілу беларуса Няхай пачуе й убачыць той, Хто сьмее нам нясьці прымусы I першы выкліча на бой.
Браты, да шчасьця мы падходзім: Хай гром грыміць яшчэ мацней! У крывавых муках мы народзім Жыцьцё Рэспублікі сваёй!
Варыяцыі
Існуе таксама іншая вэрсія першага куплету:
Мы выйдзем шчыльнымі радамі На вольны родны наш прастор. Хай воля вечна будзе з намі, А гвалту мы дамо адпор!
Другога:
Хай аджыве закамянелы Наш беларускі вольны дух. Штандар наш бел-чырвона-белы, Пакрыў сабой народны рух!
Чацьвертага:
Імя і сілу беларуса Няхай пачуе й бачыць той, Хто сьмее нам нясьці прымусы I першы выкліча на бой.
Пятага:
Браты, да шчасьця мы падходзім: Хай гром грыміць яшчэ мацней! У крывавых муках мы адродзім Жыцьцё Рэспублікі сваёй!
Гімн Беларускай ССР створаны ў 1955 годзе. Музыка Нестара Сакалоўскага, словы Міхася Клімковіча. Зьяўляўся дзяржаўны гімнам у 1955-1991 году. Затым да 2002 году гімнам Беларусі была толькі музыка бяз тэксту, а ў 2002 годзе на музыку гэтага гімну былі пакладзеныя перапрацаваныя вершы.
Мы беларусы, з братняю Руссю Разам шукалі к шчасцю дарог. Ў бітвах за волю, ў бітвах за долю З ёй здабылі мы сцяг перамог!
Прыпеў: Нас аб’яднала Леніна імя, Партыя к шчасцю вядзе нас ў паход. Партыі слава! Слава Радзіме! Слава табе, беларускі народ!
Сілы гартуe, люд Бeларусі Ў братнім саюзe, ў мужнай сям’і Вeчна мы будзeм, вoльныя людзі, Жыць на шчаслівай, вoльнай зямлі!
Прыпеў: Нас аб’яднала Леніна імя, Партыя к шчасцю вядзе нас ў паход. Партыі слава! Слава Радзіме! Слава табе, наш свабoдны народ!
Дружба нарoдаў – сіла нарoдаў, К шчасцю працoўных сoнeчны шлях Гoрда ж узвіся ў свeтлыа высі, Сцяг камунізма – радасці сцяг!
Прыпеў: Нас аб’яднала Леніна імя, Партыя к шчасцю вядзе нас ў паход. Партыі слава! Слава Радзіме! Слава табе, наш савeцкi народ!
"Мы, беларусы" — неафіцыйная назва дзяржаўнага гімну Беларусі (па першых словах яго тэксту). Ужываецца ад 24 верасьня 1955 у якасьці гімну БССР. Нейкі час па распадзе СССР ужывалася толькі музыка гімну. Потым быў праведзены конкурс на стварэньне новага гімну, і 2 ліпеня 2002 прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ўказам №350 зацьвердзіў у якасьці Дзяржаўнага гімну твор з старой музыкай і новым (часткова зьмененым старым) тэкстам. Тэкст перапрацаваны Ў. Карызнай, які прыбраў спасылкі на Расею, Леніна і камуністычную партыю.
Мы, беларусы
Тэкст: Міхась Клімковіч, Уладзімер Карызна Музыка: Несьцер Сакалоўскі
Мы, беларусы — мірныя людзі, Сэрцам адданыя роднай зямлі, Шчыра сябруем, сілы гартуем Мы ў працавітай, вольнай сям'і.
Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя, Слаўся, народаў братэрскі саюз! Наша любімая маці-Радзіма, Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Разам з братамі мужна вякамі Мы баранілі родны парог, У бітвах за волю, бітвах за долю Свой здабывалі сьцяг перамог!
Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя, Слаўся, народаў братэрскі саюз! Наша любімая маці-Радзіма, Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Дружба народаў — сіла народаў — Наш запаветны, сонечны шлях. Горда ж узьвіся ў ясныя высі, Сьцяг пераможны — радасьці сьцяг!
Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя, Слаўся, народаў братэрскі саюз! Наша любімая маці-Радзіма, Вечна жыві і квітней, Беларусь!
«Магутны Божа» (аўтарская назва — «Малітва») — верш, напісаны Натальляй Арсеньневай. У 1947 годзе кампазытар Мікалай Равенскі паклаў яго на музыку, пасьля чаго «Магутны Божа» для беларусаў стаў сапраўдным рэліґійным гімнам, які выконваецца ў цэрквах і на разнайстайных імпрэзах.
Твор таксама прапанавалася зрабіць афіцыйным дзяржаўным гімнам.
Магутны Божа! Ўладар сусьветаў, Вялікіх сонцаў і сэрц малых! Над Беларусяй, ціхай і ветлай, Рассып праменьні свае хвалы.
Дай спор у працы штодзеннай, шэрай, На лусту хлеба, на родны край, Павагу, сілу і веліч веры У нашу праўду, у прышласьць - дай !
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам, Учынкам нашым пашлі ўмалот! Зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай Краіну нашу і наш народ!
Гімны нацыі, дзяржавы, краіны пішуцца, як вядома, не па заказу, а самой гісторыяй. Прытым сам факт зьяўленьня гімну можа быць выпадковай падзеяй, неадпаведным вершам і мелёдыяй, але, трапіўшы ў гістарычны кантэкст народа, яны становяцца яго гімнам.
Вядома, напрыклад, гісторыя французскай салдацкай песьні Марсельеза, што стала гімнам Францыі, ці мазуркі «Ешчэ польска не згінэла», якая стала ў 1918 годзе дзяржаўным гімнам Польшчы. Дзяржаўны заказ на стварэньне гімну ёсьць блюзьнерства. Што з гэтага атрымліваецца, добра відаць на прыкладзе гімнаў СССР і так званых «рэспублік свабодных». Гімны найчасьцей ствараюцца ў барацьбе за нацыянальна-культурнае, дзяржаўнае і духоўнае адраджэньне нацыі і выбіраюцца народам, які змагаецца за сваю волю і лепшую долю. У пачатку XX стагоддзя гімнам Беларускага адраджэньня найчасьцей гучаў верш Янкі Купалы «А хто там ідзе…» на музыку Людаміра Рагоўскага. ЁН так і называўся «Беларускі гімн».
Пазьней, пасьля ўтварэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, ужо ў 20-х гадах, шырока распаўсюдзіўся гімн «Мы вьйдзем шчыльнымі радамі» паводле верша Макара Краўцова, напісанага ў 1919 годзе (музыка Ул. Тэраўскага). Ён стаў гімнам Беларускае Народнае Рэспублікі. Яго сьпявалі паўсюдна змагары ў заходняй Беларусі, потым ён гучаў у часы Другой Сусьветнай вайны і цяпер гучыць ва ўсім сьвеце, дзе жывуць беларусы, якія памятаюць пра Бацькаўшчыну.
З часоў Другой Сусьветнай вайны, падзеі якой стымулявалі беларускае нацыянальнае адраджэньне, паўсюдна гучыць поруч з гімнам БНР беларускі духоўны гімн «Магутны Божа». Гэта знакаміты верш Натальлі Арсеньневай (музыка М.Равенскага). Надзвычай велічная ўзьнёслая і ўрачыстая мелёдыя і зьмест гімна гучаць паўсюдна, дзе ладзяцца беларускія нацыянальна-культурныя мерапрыемствы. Прытым часта ўсё пачынаецца дзяржаўным гімнам БНР, а заканчваецца духоўным гімнам нацыі - «Магутны Божа». Рэлігійныя службы ва ўсіх беларускіх цэрквах Амэрыкі, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі завяршаюцца сьпевам «Магутны Божа».
Склалася добрая і прыгожая традыцыя. Беларуская нацыя мае два гімны - дзяржаўны і духоўны. Кожны заняў сваё месца. Кожны сьпяваецца ў сваім часе. Кожны адлюстроўвае нашу беларускую гісторыю, наш розум, нашу волю, наш дух, наша беларускае сэрца. Мяркую, што кожны Беларус павінен ведаць свае гімны.
Зянон Пазьняк
НЕ ЗАГАСНУЦЬ ЗОРКІ Ў НЕБЕ Верш Янкі Купалы Музыка Міколы Янчука, гарм. Міколы Равенскага
Не загаснуць зоркі ў небе, Покі неба будзе, - Не загіне край забраны, Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на сьвеце Вечна не начуе; Зерне, кінутае ў ніву, Ўсходзіць ды красуе.
Наша зерне - нашы думкі - Не загінуць сьвету, - Бліснуць краскай непаблеклай Вечных агняцьветаў.
3 добрых думак, што мы кінем На сваім дзірване, Будзе ўнукам нашым жніва - Доля, панаваньне.
Беларускаю рукою Сьветлай праўды сіла Славу лепшую напіша Беларусі мілай.
Зацьвіце яна, як сонца Пасьля непагоды, Ў роўнай волі, ў роўным стане Між усіх народаў.
Не загіне край забраны, Покі жывы людзі, - Не загаснуць зоркі ў небе, Покі неба будзе.
* Гэты верш-прысьвячэньне “Нашай ніве” дасланы Янкам Купалам зь Пецярбургу ў 1911 да яе пяцігоддзя (№47-48). Пакладзены на музыку Міколам Янчуком, твор выконваўся як гімн у асяродку беларускіх патрыётаў.
ПАГОНЯ Верш Максіма Багдановіча Музыка Міколы Куліковіча
Толькi ў сэрцы трывожным пачую За краiну радзiмую жах, - Ўспомню Вострую Браму сьвятую I ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца конi, Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць - Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць.
У бязьмерную даль вы ляцiце, А за вамi, прад вамi - гады. Вы за кiм у пагоню сьпяшыце? Дзе шляхi вашы йдуць i куды?
Мо яны, Беларусь, панясьлiся За тваiмi дзяцьмi ўздагон, Што забылi цябе, адраклiся, Прадалi i аддалi ў палон?
Бiце ў сэрцы iх - бiце мячамi, Не давайце чужынцамi быць! Хай пачуюць, як сэрца начамi Аб радзiмай старонцы балiць.
Мацi родная, Мацi-краiна! Ня ўсьцiшыцца гэтакi боль… Ты прабач, Ты прымi свайго сына, За Цябе яму ўмерцi дазволь!..
Ўсё лятуць i лятуць тыя конi, Срэбнай збруяй далёка грымяць… Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць. MP3 (2.10 mb)
* * *
“Кожны народ мае свой асаблівы духоўны характар, які знаходзіць найбольшае адбіцьцё ў яго песьнях. Песьня кажа, ці народ паднявольны, ці свабодны, легкадумны ці сур’ёзны, духоўна самабытны ці не самабытны. Песьня народа - гэта сапраўдная чалавечая душа. Народ адчувае ў сабе вялікую духоўную моц, ён шукае прастору сваім “песьням і сілам”. I дзеля таго, каб даць выхад гэтай сіле, каб у братніх сэрцах сярод цемры і бяспуцьця загарэліся новыя агні, каб паліліся крыніцаю новыя бадзёрыя думы, неабходна даць народу родную, па-мастацку апрацаваную песьню. Бо песьня злучае народ, яна ўсьведамляе яго і дае сілы змагацца за лепшае заўтра.” Рыгор Шырма
Песьня, як і мова, жывіць беларускую душу адвечнаю прагаю справядлівасьці і салідарнасьці. Таму і не ўдаецца асімілятарам ды захопнікам усіх масьцей адлучыць нас, беларусаў, ад роднае беларускае мовы і беларускае песьні. I ў тым нашая еднасьць, нашая праўда і нашая воля. Песьня і мова сталіся вызначальнымі сымболямі змаганьня беларусаў супраць акупацыйнага рэжыму. Няхай гучаць беларускія песьні ў беларускай мове на ўсіх нашых сьвятах, шэсьцях, мітынгах!
Па матэрыялах Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі ды Bielarus.net «Беларуская Салідарнасць»
|