Литературный Клуб Привет, Гость!   ЛикБез, или просто полезные советы - навигация, персоналии, грамотность   Метасообщество Библиотека // Объявления  
Логин:   Пароль:   
— Входить автоматически; — Отключить проверку по IP; — Спрятаться
Мне кажется, что страдание и удовольствие возникают по природе своей совместно, в смешанном роде.
Сократ
Dobry dziadźka Han   / Па-беларуску
Дарога – 3 (Лiшасонця) частка 10
Усё на крывi, усё на касьцях,
Усё шматзначна й адназначна.
N.R.M. «Я еду».
раман аб вырадках у 13 частках

(Усе супадзеньнi не выпадкова зьяўляюцца супадзеньнямi)

ЗЬМЕСТ :

Частка 1. (Першая)
Частка 2. Хаўрусьнiкi
Частка 3. Незвычайная просьба
Частка 4. У дарозе да сталiцы
Частка 5. У сталiцы
Частка 6. У дарозе са сталiцы
Частка 7. Iнсургенты
Частка 8. У лесе, на возеры, на краi краю
Частка 9. Маска гневу
Частка 10. Левiтацыя
Частка 11. Сьвята Ўраджаю
Частка 12. Апошняя помста. Эпiлег.
Частка 13. Апошняя

Частка 10. Левiтацыя.

У наступныя некалькi дзен большасць iнсургентаў сыйшла з хутару разам з сувязным спрабаваць нанава ўладкавацца ў мiрным жыцьцi, легальным шляхам цi не, як атрымаецца. Некаторыя вырашылi пайсьцi за мяжу. Асаблiва iдэйных змагароў, хто зьбiраўся застацца і працягваць узброеную барацьбу, Басаевiч усё ж пераканаў, што тут iх чакае толькi пагiбель, а ў iньшым месцы яны яшчэ змогуць прынесьцi карысць Бацькаўшчыне. Самыя ўпартыя зь iх, хто настойлiва запытваўся, дзеля чаго ж ен сам застаецца тут, затрымалiся на хутары крыху даўжэй. Аднак, калi былы палявы камандзiр пачаў iм з сур’езным выглядам тлумачыць, што ен застаецца рыхтаваць абсалютную зброю – зброю помсты, якая па сваей сутнасьцi зьяўляецца бiялягiчнай зброяй, i што вялiчыня яе магутнасьцi дасягаецца выключна працяглай мэдытатыўнай практыкай ды канцэнтраваньнем энергii космасу, i што байцы тут зусiм не патрэбны, маладыя паўстанцы прыйшлi да высновы, што ў яго на глебе перажываньняў з-за няўдачы паўстаньня адбылося нэрвовая растройства і, на жаль, гэта ўжо ня той баявы камандзiр, якога яны ведалi раней. Таму, верагодна, яму сапраўды лепей застацца тут, на невядомым цiхiм хутары, чым трапiць у такiм стане ў рукi ворагаў, каб яны потым зладзiлi паказное судзiлiшча над злоўленым «дзяржаўным злачынцам». Гэтыя апошнiя iнсургенты, нарэшце, таксама сыйшлi.
Разьвiтваючыся зь iмi, Басаевiч ня хаваў свайго задавальненьня. З усяго атраду застаўся толькi стары ваяка Чмэз. Ен й ня зьбiраўся ўходзiць, а Басаевiч яго ня справаджваў.
У той дзень па-над лесам у баку ад хутару нiзка прайшлi два гелiкаптары. Мiратворцы па-ранейшаму працягвалi пошукi рэшткаў паўстанцаў. Гаспадар хутару змрочна прыслухаўся да iх стракатаньня.
- Ат, курвы! Дымы засеклi! Значыць хутка заявяцца.
- Дык узброеную барацьбу ж, нiбыта, спынiлi, правадыр згадзiўся на перамовы. Хiба iх гэта ня датычыцца? – спытаў Слэйтар.
- Федэрацыi ня паўстанцы патрэбны, iньшае … - адказаў Басаевiч, - гэта толькi на словах у iх будзе праводзiцца зачыстка мясцовасьцi ад бандытаў, ня склаўшых зброю. Хаця пра тое, што на самой справе, магчыма нават й Мурашкiн ня ведае.
- А што ж на самой справе?
- На самой справе? Лiшасонця.
- Так, - ня вытрымаў Слэйтар, - мне здаецца тут усе нешта ведаюць, чаго я ня ведаю. Можа мне, нарэшце, патлумачаць, калi ўжо я - Лiшасонця?
- Ды не, асаблiва нiчога. Я ведаю ня шмат болей за цябе. – Басаевiч адразу ж кудысьцi пайшоў.
Гавенюк-Сумленны таксама зазьбiраўся ўходзiць, але сказаў Слэйтару:
- Цябе… калi Лiчынка пад’есьцi разам зь iм запросiць, ты ня адмаўляйся.
- Што?
- Ня адмаўляйся, кажу.
Гаспадар хутару пайшоў па сваiх справах.
Клiм, сумуючы, бадзяўся гэтыя днi па хутары, берагу возера ды па ўскрайку лесу. Атрад паўстанцаў зьнiк, з дапамогай каго i якiм чынам зрабiць сваю справу, ен цяпер ня ведаў. Калi дабiрацца да сталiцы, дык толькi пешшу, бо ў адзiным транспартным сродку - трафэйнай БМП скончылася палiва, ды й цi далека б ен на ей заехаў. У склаўшыхся абставiнах, напэўна, найбольш прымальным варыянтам заставалася ўзяць у кампаньены пяцiгадовага хлопчыка-снайпера. Клiм саркастычна ўсьмiхнуўся гэтай думцы. З усiх застаўшыхся Басаевiча цяпер займае толькi барацьба iдэй, а асоба правадыра – ня вельмi, Чмэз хоча, покуль не памер сам, перарэзаць як мага больш глотак мiратворцаў, чаго хоча гаспадар хутару са сваiм вывадкам блiзнятаў, увогуле, ня зразумела, Слэйтар абвяшчоны тутэйшым жывым богам, напэўна зараз рыхтуецца да ўзьнясеньня. Застаецца, хiба што, спадзявацца на дапамогу прыдуркаватага хлопца Лiчынкi. Нiчога ня скажаш. Клiм зноў было ўсьмiхнуўся, аднак прыгадаўшы выпадак на возеры, прызадумаўся: «Здаецца, ня ўсё так проста».
Каб неяк бавiць час, ен паспрабаваў было падкацiцца да адной з мясцовых жанчын, бо ў адрозьненьне ад iньшых, мужчынскай паловы пры ей ня назiралася. Але даведаўшыся, што гэта й есць мацi таго самага малога-снайпера, палiчыў за лепшае трымацца ад яе падалей.
Праходзячы каля ямы, якую насельнiкi хутару выкарыстоўвалi ў якасьцi сьметнiку, Клiм заўважыў на яе ўскрайку запiсную кнiжку ў добрай скураной вокладцы. Сярод сьмецьця яна выглядала ня натуральна, наўрад цi яе выкiнулi наўмысна, хутчэй хтосьцi згубiў. Клiм падняў кнiжку. Разгарнуў. Спачатку яна была iспiсана тэкстам з рэдкiмi выпраўленьнямi, у канцы нейкiя паметкi з мноствам лiчбаў, назвамi населеных пунктаў. Клiм пачаў чытаць тэкст.
«Багна з гнiллем.
Кожны дзень я вымушаны адольваць гнiлле, з якога, як часм здаецца, амаль цалкам створана навакольная рэчаiснасць. Калi задаешся якой-небудзь мэтай, альбо ставiш перад сабой шэраг мэт, неабавязкова складаных - няхай даволi простых ды нязначных, дасягненне iх непазбежна сутыкаецца з супроцьдзеяннем усяго iснуючага звонку. Кожны дзень патрабуе дасягнення якiх-небудзь мэт, што верагодна звычайна i характэрна на працягу ўсяго таго часу покуль дыхаешь. I тады ўсе знешняе паўстае супраць - збег адмоўных абставiн, перашкоды перамяшчэнню ў прасторы, абмежаванасць тэрмінаў i магчымасцяў ды iньшыя цяжкасцi, нават пасля паспяховага пераадолення якiх наступае асэнсаванне немэтазгоднасцi ўсiх дзеянняў i марна растрачаных высiлкаў. За ўсiм гэтым стаiць, калi разабрацца, нутранае, вобразна кажучы, гнiлле людзей, ствараючых i адмоўные абставiны i ўсе iншiя перашкоды на шляху дасягнення ўсялякай мэты. Чым болей залежыць ад iншых, акрамя самога сябе, у якой-небудзь справе, тым меней застаецца спадзяванняў на станоўчы вынiк справы i дасягненне яго ў намечаны тэрмiн. Набыўшы даволi багаты жыццевы досьвед гэткiх выпадкаў, з непарыўнага ланцуга якiх, уласна кажучы, i ствараецца жыцце, даволi хутка прыходзiш да высновы: мяне акружае багна з гнiллем - грамадзакае асяроддзе, усе блiжняе i дальняе атачэнне. Яны ўсе амаль зауседы не спраўджваюць анiводнага чакання, нават цалкам абгрунтаванага. Калi i здарыцца нейкiм разам наадварот, гэта толькi выключэнне з агульнага правiла. Больш таго - прысутнасць гэтай гнiлi пачынаеш адчуваць i ў самiм сабе. I калi пераадолець гнiлле ў сабе яшчэ есць здольнасць, то ў iншых зрабiць гэта ўжо немагчыма.»
«Цiкава, - падумаў Клiм, - нешта накшталт дзеннiку, цi хутчэй, нехта запiсваў паток думак». Ен працягваў чытаць далей.
«Напрыклад, тое, што я пiшу гэта на маей мове, якой у рэчаiснасцi зараз амаль не iснуе, якой амаль не карыстаюся ў жыццi сярод гэтай брыдоты, ведаючы мову акупацыйнай навалачы верагодна лепей за сваю, гэта дзеля пераадолення гнiлi. Я ўпэўнены, што тое, да чаго мы прыйшлi зараз, цалкам з'яўляецца вынiкам гнiлой iснасцi пакаленняў тутэйшага насельнiцтва. Яно не мае "густа да жыцця", яно запраграмавана выжываць i дзеля гэтага прызвычайвацца. Дзеля выканання святога жывельнага абавязку - самазахавання. Таму iмя iм - быдла. I гэты тэрмiн знойдзены не ў сенняшнi дзень. Гэта якасць адкрыта ў значнай часткi людзей даволi шмат часу таму».
Было вiдавочным, што кнiжка належала камусьцi з тых, хто знаходзiўся зараз на хутары. Клiм ужо пачаў здагадвацца, каму. Ен зручней уладкаваўся на ўзгорку пад хваiнай і перагарнуў наступную старонку.
«Людская брыдота паўсюль, на чым не затрымаеш позiрк. У большасцi прадстаўнiкоў насельнiцтва, якое бачу на вулiцах, у крамах, ва ўстановах, у транспарце, паўсюдна гэтае гнiлле выразна бачна на тварах. Нават калi бачыш нешта створанае iх рукамi, то i яно нясе на сабе адбiтак гнiлля - пабудовы, механiзмы, прадукты вытворчасцi i ежа. Гэта - быдла. Яно жыве, як можа сваiм быдлячым жыццем, по сваiм быдлячым паняццям, са сваей быдлячай меркай ка ўсяму. Страўнiк вызначае iх стаўленне да жыцця. Гэта святоя, гэта найвышэйшая праява iнстынкта самазахавання. Людзi гэтага сорту, вiдавочна, ва ўсе часы складаюць большасць у любым грамадстве. Яны маюць менавiта тое жыцце, якога варты, тую ўладу, якой варты.
Але, нажаль, у гэтай брыдкай гнiлой багне даводзiцца iснаваць i адчуваючым агiду да быдлячага ладу жыцця.
Атрута.
Усе, што я бачу на працягу жыцця, усе што нахабна ўрываецца ў свядомасць, атручвае мой розум сваей бяссэнсоўнасцю i iмкнецца забрудзiць яго чысцiню, навязваючы сваю iлжывую несапраўдную значнасць. Сапраўдныя рэчы заўседы простыя па своей сутнасцi i нескладаныя. Але быдла за стагоддзi сваей эвалюцыi выпрацавала шматлiкiя ды шматгранныя сiстэмы iлжывых каштоўнасцяў, мадэлi паводзiнаў, у якiя лiчыцца неабходным упiсвацца, калi iснуешь у грамадстве. Яны выглядаюць вельмi праўдападобна i зладжана, пакуль не паглядзiш на iх цвяроза, позiркам свабодным ад iхнега ж уплыву, i тады адразу робiцца добра бачна iх падвоеную мараль. Яскравы прыклад такой iлжывай ciстэмы так званых "духоўных" каштоўнасцяў - хрысцiянства.
На мой погляд было б справядлiва зараз спалiць столькi каталiцкiх "святых айцоў", колькi "святая" царква спалiла i забiла ў войнах за веру людзей за ўсе гады свайго iснавання, падштурхоўваючы слабых духам людзей дзеля выратавання свайго някчэмнага жыцця ператварацца ў быдла. А калi ксяндзоў на гэтую святую справу не хопiць (што вельмi верагодна), нельга забывацца на праваслаўных ды пратэстанцкiх папоў i iншых сэктантаў, якiя нiчым не лепей за сваiх “братоў” па веры. Бо так люта ненавiдзячыя адно аднаго "браты ўва Хрысце" адразу кiнiнуцца займаць спусцелае месца. "Раздавiце гадзiну!" - гэта пра iх сказаў мудры чалавек. Трэба раздавiць i знiшчыць хрысцiянства калi не фiзiчна, дык на ўзроўнi сваей свядомасцi, каб "дарога да храму" вяла толькi да будынку архiтэктуры пэўных часоў, а не да гнiлой багны iлжы, народжанай жрэцамi дзеля забойства сапраўднага чалавечага духу».
Цяпер Клiм канчаткаова ўпэўнiўся, што аўтар гэтых радкоў Басаевiч. Ен вырашыў дачытаць да канца, а потым вярнуць яму кнiжку.
«Яшчэ адной агульна вядомай пачварай быдлячай цывiлiзацыi з'яўляецца камунiзм. Што гэта такое сучасным разумным людзям тлумачыць не трэба, хаця нiхто быццам i не жыў нi пры сапраўдным камунiзму, нi фашызму, як, вiдавочна, i не трапляў у праведны хрысцiянскi рай пасля смерцi, але ж усе добра ведаюць, чаго варта адная толькi барацьба за дасягненне гэткiх "светлых" iдэялаў разнастайных мадэляў "царства божага на зямлi". Не дасягнулi, а шчасце было так блiзка! Дзеля праўды трэба зазначыць, што ў гэтым адыграла сваю ролю i вышэй названая адметная якасць быдла, няздольнага iмкнуцца да iдэялiстычных мэт, незалежна пазiтыўных альбо негатыўных па сваей сутнасцi.
Рэлiгiйныя культы, культ спажыўца, iдэалогii ("-iзмы") пануючыя на дадзены момант у быдлячым грамадстве, iснуючыя традыцыi пакаленняў продкаў, так i ня здолеўшых нiколi ў большасцi сваей узвысiцца над быдлячым станам - вось складаючыя часткi таго атрутнага "кактэйлю", якi сустракае кожнага з моманту з'яўлення ў гэтым свеце i пачынае справу забойства сапраўднага Чалавека, у выпадку, калi ен ужо i без таго пачаткова генетычна не мае цяжар прыналежнасцi да быдла. У гэтых умовах цяжка быць жывым.»
- Бач ты, й гэты iдэеляг уласнае «Мае змаганьне» сачыняе! – ня стрымаўся здзеклiва ўсклiкнуць Клiм.
«Быць жывым.
Iснуючыя праявы пратэсту супраць быдлячага ўкладу жыцця сучаснага грамадства можна назiраць на прыкладзе разнастайных "нефармальных" рухаў i плыняў - панкi, хiпi ды iншыя iм падобныя. Хаця лiчыцца, што яны зусiм непадобны адно да аднаго i даволi часта спавядаюць зусiм розную жыццевую фiлязофiю, альбо прынцыпова нiбыта, увогуле, ня маюць гэткай, але ж на самой справе ўсiх iх яднае адно - хутчэй падсвядомае, чым асэнсаванае, жаданне пазбегнуць (цi паспрабаваць пазбегнуть) багны гнiлля быдлячай рэчаiснасцi, створанай адпаведнай большасцю грамадства. Што часам выдаецца за канфлiкт пакаленняў, канфлiкт бацькоў i дзяцей, вынiк сацыяльнай няроўнасцi, ды iньшыя выдуманыя быдлячай "навукай" прычыны. Аднак, нават пры ўсей адметнасцi i бясспрэчнай таленавiтасцi шмат якiх "нефармальных" iндывiдаў, далей звычайнага нiгiлiзму справа ня iдзе. I ўсiм гэтым, на першы погляд амаль нiцшэўскiм “звышчалавекам”, застаецца да скону дзен сублiмiраваць свой пратэст, як правiла, у мастацкiх творах, калi ўвогуле, нарэшце не скласцi рукi, супакоiўшыся па дасягненнi сталага ўзросту.
Гэты панкаўскi падлеткавы пратэст, выраканне быдлячых каштоўнасцяў, нiчога не прапануе ўзамен, не стварае нiчога канструктыўнага. Нiгiлiстычная дэструктыўнасць выдатна падыходзіць дзеля знiшчэння. Але змагацца трэба ня толькi супраць таго, што перашкаджае, змагацца трэба i за стварэнне таго, за што змагаешся.
Калi ўзяць прыклад з сучасных рэалiй: разумнай i прагрэсiўнай часткай грамадства ўсе дрэннае прынята атаясамлiваць з фiгурай правадыра. Але ж справа зусiм ня ў iм. Справа ў ганебным быдлячым грамадстве, якое стварае ўмовы для ўзнiкнення i iснавання гэтай з'явы. Справа ў заўседнай гатоўнасцi халуйстваваць, хаця пры гэтым у душы ненавiдзець i баяцца, у патрэбе чуць кожны дзень нахабную хлусню "главы государства", i добра ведаць, што гэта хлусня i гэтым супакоiвацца, таму што ў жыццi быдла не "брэхаць" - ненармальна. У гэтым i талент вясковага байструка, якi вельм тонка адчуў сутнасць быдлячага грамадства i дасканала зведаўшы просты прынцып складання гiерархii ў гэтым статку, рашуча выкарыстаў магчымасць заняць верхняю прыступку. "Бацька", якi не ведае, што такое "бацька", тым не меньш добра ведае сваiх дзетак - народ, цi хутчэй насельнiцтва, даўно страцiўшае пад уплывам быдлячых iдэялегiй рысы сапраўднага народа. Ен ведае што трэба быдлу, што яно сьмее, а чаго не, ведае галоўную каштоўнасць быдла - гарантыю наяўнасцi хоць якой кармушкi, таму што сам з гэтай "касты". I быдла ведае - ен з нашых. Таму, калi нарэшце мы пазбавiмся ад гэткага пастушка тутэйшага статка (а гэта непазбежна), цi не з'явiцца яшчэ больш пачварная кандыдатура? Святоя месца, як вядома, пустым не застаецца.
Некаторыя, схiльныя паразважаць аб лесах айчыны, любяць заiгрываць з тутэйшым народам, сцвярджаючы тэзiс: народ наш мудры, ен разбярэцца, што яму патрэбна на самой справе. Так, ен мудры, але гэта мудрасць быдла. Што яму патрэбна? Гэта вядома - гарантаваны шчаслiвы працэс стрававання. Пасулiўшы гэта ды кiнуўшы якую-нiякую цукровую костку, можна даволi легка зрабiцца "народным героем". Нават не кiдаўшы косткi, толькi кармiць абяцаннямi, менавiта тымi, якiя быдла хоча чуць. Iньшая справа, што потым, выконваючы свой святы абавязак - самазахаванне, яны пры пэўным збеге абставiн могуць пачаць жэрцi адно аднаго. Гэтая ўсхваляемая мудрасць i розум народа - розум абмежаванай iстоты, якая жыве толькi сенняшнiм днем, пад уплывам патрэб жывельнага паходжання. Навукоўцы, людзi, дзякуючы якiм цывiлiзацыя рухаецца наперад, нiколi не здзяйснялi сваi вынаходнiцтвы на базарнай плошчы пры дапамозе шматлiкiх дарадцаў з iх "народнай мудрасцю".
А цi магчыма i цi патрэбна што-небудзь мяняць у склаўшымся парадку жыцця? Быдла заўседы застанецца быдлам, якой бы ступенi развiцця не дасягнула цывiлiзацыя, гэты сорт людзей будзе складаць большасць адсоткаў. Роўнасцi памiж людзьмi нiколi не было, няма i ня будзе. Вiдаць так было i будзе спрадвеку, што большую частку папуляцыi павiнна складаць духона бедная маса, i, напэўна, гэта патрэбна дзеля эвалюцыi чалавечага роду. Але ў грамадстве павiнны панаваць не быдлячыя прымiтыўныя ды пераважна матэрыяльныя каштоўнасцi, а духоўныя каштоўнасцi разумнай i прагрэсiўнай часткi людзей. Калi духоўная культура грамадства слабая, пры яе крызiсу здараюцца такiя з'явы, як фашыстоўскiя перавароты ды камунiстычныя рэвалюцыi.
У сенняшнiх умовах, калi людзi - носьбiты духоўных iдэялаў у нашым краi вельмi паспяхова i мэтанакiравана вынiшчалiся ва ўсiх слаях грамадства варожымi сiламi на працягу стагоддзяў (паспрабуйце адшукаць зараз нармальнае, не знявечанае часам эпахальнай Дарогi, сялянства, iнтэлiгенцыю), перамагчы быдлячыя каштоўнасцi даволi складаная задача. Складаная, але выканальная. Усiм не кранутым быдлячай гнiласцю духа дзеля гэтага трэба проста кожны дзень заставацца сабой i нiколi не iсцi на кампрамiс з быдлячым светам. Трэба не дазваляць сабе нават невялiкага памкнення да прымiтыўнасцi ў думках i дзеяннях, што есць адметнай рысай быдла. Перад такiм чалавекам, напрыклад, нiколi не паўстане пытанне асабiстага стаўлення да нацыянальных каштоўнасцяў - гэта яго каштоўнасцi. Вынiк супрацьстаяння мае быць толькi адзiны - усе альбо нiчога. Таму што грамадства, пазбаўленая духоўных iдэялаў, заўжды знiкае, тым альбо iньшым чынам, у залежнасцi ад канкрэтных умоў iснавання. Выйсце - жывыя павiнны заўседы заставацца жывымi, заставацца сабой».
Пачало цямнець. Клiм як раз скончыў, калi чытаць зрабiлася зусiм немагчыма. «Тожа мне, мудрэц знайшоўся, адшукаў выснову – заставацца сабой. Ты паспрабуй зрабiцца не сабой, хаця б на нейкi час! Вось гэта будзе сапраўднае дасягненьне духу! А сабой быць - асаблiвых намаганьняў ня трэба» - падумаў ен.
Клiм ведаў, што за iм назiралi і назiраюць спэцслужбы, спачатку Дарогi, а зараз камiтэту бясьпекi Федэрацыi, з таго самага дня, як ен забiў генiя эпохi. Ен памятаваў, як ня проста яму ўдалося зрабiць гэта, ня проста ў сэнсе перад самiм сабой. Ен добра ведаў, што ен ня забойца і толькi дзякуючы гэтаму здолеў здзейснiць забойства Дзядзi Ванi, каб вырвацца на волю з экперымэнтальнага хмарачоса-пасткi. Ен ведаў, што й спэцслужбы гэта ведаюць пра яго. Таму, ен жывы да гэтай пары. Забiты, ен бы адразу ператварыўся ў натуральны вечна жывы культ «снайпера-збавiцеля», куды болей шкодны для ўладаў, чым амаль казачны прывiдны пэрсанаж, якога анi да забойства генiя эпохi, анi апасьля нiхто ў рэчаiснасьцi ня ведаў.
Клiм накiраваўся на хутар, каб знайсьцi Басаевiча. Раптам, наперадзе, на палянцы за галiнамi ен убачыў у прыцемку нечыю нярухомую постаць. Спачатку ен нават напужаўся, яна была падобна на чалавечаю, але буйней у памерах. Аднак, прыгледзiўшыся, зразумеў, што гэта iдал, даволi груба высячаны з дрэва. Дзiўна, што яму ня здарылася трапiць на гэтую паляну дагэтуль, блукаючы вакол хутару.
Пачулiся крокi. Падыйшлi сыны гаспадара хутару. Убачылi Клiма. Ен так й ня здолеў адрознiць, каторыя зь iх - тые што везлi зброю з Федэрацыi, альбо два iньшые.
- Ты Лiчынку Лiшасонцi тут ня сустракаў? – запыталiся яны.
- Не. А гэта што? – указаў ен на iдала.
- Гэта бог.
- Якi?
- Здаецца, Чэлес. Бацька загадаў паставiць. Маўляў, калi ўжо каму так патрэбна, дык лепей сто разоў драўлянаму пню пакланiцца, чым адзiны раз iдэям Дзядькi Ванi, альбо хрысцiянскаму богу.
- А адкуль гэты Лiчынка ўвогуле ўзяўся? Тутэйшы? – пацiкавiўся Клiм у братоў.
- Не, ня тутэйшы. Адкуль, невядома, а ен ня кажа. Прыйшоў сюды некалькi год таму праз балота, з боку зоны. У той бок, у зону хто хадзiў, нiхто ня вяртаўся. Калi ен зьявiўся, бацька зь iм амаль восем гадзiн сам на сам у хаце праседзiў, а потым абвесьцiў, што, нарэшце, знайшоўся той самы Лiшасонця, якога ен даўно шукаў.
- А навошта ен шукаў?
- Бацька вельмi разумны, ен навуковец. Ен ведае. Лiшасонця нам патрэбен. Ен наш край абаронiць і ўсiм крыўдзiцелям адпомсцiць. Бацька доўга шукаў, у нас шукаў і за мяжой. Знайшоў шмат людзей, хто Лiшасонця, як i ен сам, дарэчы. А гэты сам знайшоўся, сам прыйшоў. Ен самы здатны з усiх, яму чалавечая iснасць ня замiнае, як бацьку ды астатнiм. Толькi малы яшчэ, таму празвалi Лiчынкай. А астатнiя патрэбны дзеля ягонага ўзмацненьня ды разьвiцця.
Сыны Гавенюка-Сумленнага, як i ўсе насельнiкi хутару, размаўлялi тут неяк нязвыкла шчыра для сучаснага цывiлiзаванага чалавека, якому ўласьцiва заўседы кантраляваць сабе ў гутарцы, адшукваць патрэбныя словы, каб ня выказаць штосьцi свае патаемнае, залiшняе. Гэткую раскошу – дазваляць сабе размаўляць бяз усьвядомленага, альбо неўсьвядомленага напружаньня, у звыклым Клiму грамадстве звычайна мелi толькi малыя дзецi ды псiхiчна хворыя.
- А гэты, значыць, самы здатны? – перапытаў ен.
- Так, самы. Бацька адчувае.
Клiм узгадаў, як Лiчынка гуляў з калам. «Ну, зразумела, яму ж чалавечая iснасць ня замiнае». Клiм моцна пашкадаваў, што не пакiнуў у свой час кампанiю змоўшчыкаў, што не застаўся ў сталiцы і апынуўся на гэтым хутары ў асяроддзi вар’ятаў. Але што цяпер рабiць?
Па вяртаньні на хутар, ен адшукаў Басаевiча.
- Ты згубiў? – працягнуў яму кнiжку.
Былы палявы камандзiр абыякава зiрнуў на яе.
- Ды не, не згубiў, выкiнуў. Напэўна лепей было спалiць.
- Чаму? – ня зразумеў Клiм.
- Дык у ей лiсты скончылiся.
- Але, я гляджу там шмат разнастайных думак запiсана…
- А-а-а, лухта гэта ўсе, глупства. Думкi як прыходзяць, так й зыходзяць, а жыцьце застаецца. Гэта я дзеля Гавенюка-Сумленнага пiсаў, калi толькi пазнаемiўся, каб старому прыемнае зрабiць, каб у давер увайсьцi. Мы ж зь iм, як бы, аднадумцы, – са з’едлiвай усьмешкай дадаў Басаевiч.
- Што ж зь ей рабiць? Там шмат паметак аб дзейнасьцi атраду.
- Гэта цяпер нiкому ня патрэбна. Выкiнь.

Калi сьцямнела, Лiчынка, як звычайна, расклаў вогнiшча і пачаў смажыць на вячэру вужоў, злоўленых на балоце. Слэйтар стаяў непадалек ды назiраў за iм. Ен такi й ня здолеў разгледзець той момант, калi малы запальваў агонь. Назiральнага Слэйтара яшчэ заўчора зацiкавiла, як ен гэта робiць, таму што было бачна – запалкамi цi крэсiвам ен сапраўды ня карыстаўся. Ад шчырых мясцовых жыхароў агент пасьпеў даведацца, што ў цеплаю пару хлопец сьпiць звычайна ў лесе, а ў моцны дождж ды маразы ў хляву разам з хатняй жывелай, альбо ў псярнi з балонкамi. Рэдка калi ў хаце з людзьмi. Аднак, ня гледзячы на гэткi напалову дзiкi лад жыцьця, нiбыта ўмее чытаць i пiсаць.
Лiчынка прыгатаваў страву і жэстам паклiкаў да сабе Слэйтара, на якого дагэтуль ня зьвяртаў анiякае ўвагi. Слэйтар падыйшоў, сеў насупраць ля вогнiшча, у якiм тлелi вуглi. Малы перакусiў зубамi напалам вужа, працягнуў хвост яму. Ен узяў, адкусiў кавалак. Агент праходзiў спецыяльную падрыхтоўку па выжываньню ў немагчымых умовах і есьцi паўзуноў ды насякомых яму ў жыцьцi даводзiлася неаднаразова, таму гэтая ежа ня выклiкала ў яго, у адрозьненьне ад Клiма, агiды. «Ну, што далей?» - падумаў Слэйтар, у чаканьнi гледзячы на прыдуркаватага падлетка.
Хлопец падняў галаву і ўставiўся яму прама ў вочы. «Што ты можаш гiпнатызаваць вачыма, я ведаю, - падумаў сам сабе Слэйтар, - але ж, я ня тая паддатая шпана. Пабачым, што ў цябе атрымаецца». Агент быў абучаны навыкам супрацiўленьня псiхалягiчнаму ўздзеяньню і сам крыху валодаў прыемамi гiпнозу. Зьявiўся спратовы азарт, ен узрадваўся магчымасьцi згуляць.
Спачатку ен падрыхтаваўся да барацьбы, але хутка адчуў, што гэта зусiм ня «двубой» памж iмi i што барацьба тут не патрэбна. Хлопец ня iмкнуўся зусiм нiчога яму ўнушаць цi неяк падпарадкоўваць сабе, а наадварот, як быццам сам раскрываўся насустрач, запрашаючы даследваць ягоную душу. Агенту здаралася праводзiць допыты ворагаў з дапамогай тэхнiкi ўнушэньня, але зараз анiякiя аналегii з гэтым вопытам ня мелi сэнсу. Тым ня меньш, ен у сваю чаргу, усё ж таксама зрабiўся нiбыта загiпнатызаваным. Зазiрнуўшы ў вочы малому, Слэйтар убачыў, зразумела ня вачыма, а розумам, штосьцi настолькi незвычайнае, нялюдскае ды велiчна абсалютнае па сваей сутнасьцi, што ўся яго натура ў iмгненьне як быццам абмерла. Ен адчуў, што перад тварам убачанага цалкам страцiў сваю асобу, паддаўшыся ўзьнiкшаму няпераадольнаму жаданьню аб’яднацца з гэтым «абсалютным».
Да рэчаiснасьцi яго вярнула ўспышка полымя перад вачыма. Гэта Лiчынка сунуў у вогнiшча сухую хваеваю галiну. Слэйтар страпянуўся, нiбыта адганяючы сон. Зiрнуў на гадзiннiк. Ня мiнула яшчэ й хвiлiны з той пары, як яны сустрэлiся з малым позiркамi. Зараз той упарта грыз засмажанага вужаку, страцiўшы да Слэйтара ўселякую цiкаўнасць.
- Ну, чорт! Абхiтрыў! Будзем пакуль лiчыць адзiн - ноль на тваю карысць! – усклiкнуў агент, канчаткова ўцямiўшы, што ў хлопца ўсё ж атрымалася загiпнатызаваць яго.
Лiчынка са шчырым непаразуменьнем зiрнуў на агента і зноў прыняўся за вужа. Слэйтар, зразумеўшы, што «званая» вячэра адбылася, пайшоў прэч.

На сьвiтанку на хутар прыбеглi некалькi дзяцей, што пiльнавалі ноччу ў лесе на дальнiх подступах. Пачалi будзiць гаспадара, дарослых.
- Федэральцы iдуць! Федэральцы iдуць!
- Колькi iх? – Сцяпан Мечыслававiч схапiў аднаго за плечы.
- Шмат, некалькi соцень, з танкамi. Яшчэ правадырскiя халуi зь iмi!
- Ат жа, епаны знянацку! Уцякаем к Iбенi мацяры! – гаспадар расчынiў дзверы храма-псярнi.
Усе насельнiкi хутару засьпяшалiся туды, цягнучы загадзя падрыхтаваныя пажыткi. Сыны Гавенюка-Сумленнага, схапiлi шчанят на рукi, адкiнулi ў бок сена. Пад iм аказаўся люк. Гэта быў уваход у падзямелле.
Чмэз пабег да бронемашыны, замаскiраванай на ўскрайку лесу. Басаевiч, Слэйтар, некалькi мясцовых мужыкоў, напэўна з ліку тых, хто быў Лiшасонця, пахапаўшы зброю, занялi абарону. Дзiценак-снайпер са сваей вiнтоўкай залег за вуглом хаты. З лесу ўжо далятаў гук танкавых рухавiкоў, ляскат гусенiцаў. Нарэшце паказалiся мiратворцы. Як раз разьвiднелася. Танкi паўзлi, падмiнаючы хмызьняк, жаўнеры ў касках, «упрыгожаных» пучкамi травы, трымаючы аўтаматы, перабягалi ад дрэва да дрэва. Яны ведалi, што вораг блiзка.
Чмэз сустрэў iх доўгай куляметнай чэргай. Здаецца, некалькi куль патрапiлi ня толькi ў ствалы дрэў, а i ў тых, хто за iмi хаваўся. У адказ загрукацелi сотнi стрэлаў. Танкi пачалi страляць па хутаранскiх пабудовах. Дзьве хаты загарэлiся. У гэтую ранiцу лес запоўнiуся гукамi бою, замест звычайных для першай паловы лета ранiшнiх песень прачнуўшыхся птушак.
Басаевiч з гранатамета падбiў танк. На пазыцыях абаронцаў хутару моцна выбухнула. Разам з зямлей з атрымаўшайся варонкi, адкiнула ў бакi няжывыя целы трох мясцовых мужыкоў. Малы снайпер старанна прыцэльваўся з-за бярвеньня вугла хаты. Ен стрэлiў ужо чатыры разы і пасьля бою зьбiраўся зрабiць на прыкладзе вiнтоўкi чатыры сьвежыя зарубкi. Зь iх дапамогай яму было зручней лiчыць. Клiм таксама выпусьцiў у бок працiўнiка наўгад некалькi аўтаматных чэргаў, але ваяваць, як належыць, ен ня ўмеў. Мiратворцы падбiлi БМП. Чмэз, усё ж пасьпеўшы некалькi разоў стрэлiць па наступаючых з гарматы, выскачыў з гарашчай бронемашыны і падбег да астатнiх.
- Трэба адыходзiць! Тут нас зараз у момант пераб’юць!
Уцалелыя адбеглi ў глыбiню хутару. Разам з узыходзячым сонцам узняўся моцны вецер, панес з балота клубы тарфянога дыму й пылу, пачаў раздуваць пажар на хутары. Мiратворцы, атрымаўшы адпор, на нейкi момант затрымалiся на ўскрайку лесу, яны ня ведалi дакладна якая колькасць «непрымiрымых сэпарацiстаў» супрацьстаiць iм, а можа так было заплянавана. У небе пачулася наблiжаючыеся стракатаньне гелiкаптэраў.
- Дэсант! – крыкнуў Басаевiч, закашляўшы ад дыму.
Дыму зрабiлася настолькi шмат, што часам зьнiкала бачнасць на адлегласьцi некалькiх метраў. Мяркуючы па гуку, гелiкаптэры пачалi аддаляцца. Верагодна, iм перашкаджалi моцная задымленасць ды вецер.
- Здаецца, нас хочуць ня проста перабiць, а й паспрабаваць захапiць у палон. А з лесу падыйшла аблога, каб нiхто ня ўцек з паўвыспы, – зразумеў Слэйтар.
Чмэз пацягнуў малога і тутэйшага мужыка-Лiшасонцю да псярнi з выратавальным падземным ходам.
- Ну, а вы што стаiце?! Уцякаць трэба! – крыкнуў ен Слэйтару, Басаевiчу i Клiму.
Клiм зрабiу крок да яго, але азiрнуўся на Басаевiча, якi стаяў на месцы. Слэйтар глядзеў на былога палявога камандзiра і таксама ня рухаўся.
- Ты бяжы, ты ж ня Лiшасонця, – сказаў Басаевiч.
- А вы як жа?
- Разумееш, гэта выпрабаваньне ад Бога, у гэтым месцы сеньня вырашаецца, цi застанемся мы сабой, цi здолеем абаронiць дух краю ад рабскага заняпаду. Гэта апошнi рубеж.
- Што я чую?! Выпрабаваньне ад бога? Мне здавалася, ты не надта веруючы. – здзiвiўся Клiм.
- Я ня веруючы. Я ведаючы.
- Я бачыў тваю «размову» са сьвятаром. Толькi не кажы, што ты зрабiўся набажным за некалькi апошнiх хвiлiн!
- Я ўжо даўно ведаю, што Бог iснуе.
- Я штосьцi ня вельмi разумею … Пра якога бога ты кажаш? Хiба, твой бог не хрысцiянскi?
- Зразумела, ня хрысцiянскi. I нiякi гэта ня «мой» Бог.
- Што ж гэта за бог?
- Гэта сапраўдны Бог. Гэта ня мае нiчога агульнага з рэлiгiйнымi жрэчаскiмi казкамi анi ўсходняга, анi заходняга паходжаньня.
- Як жа ен завецца?
- Гэта не мае значэньня. Ды хоць сабе й Лiшасонця! Даваць усяму назвы – гэта тыповая чалавечая рыса. Сапраўднаму Богу не патрэбна, каб яго ведалi, не патрэбна анiякае iмя, тым больш дадзенае людзьмi.
- Ну, хутчэй! – паклiкаў Чмэз.
- Тады, як ведаеце. Бывайце, можа ўбачымся калi, – Клiм пабег да псярнi, даведаўшыся на пасьледак, што Басаевiч да ўсяго яшчэ й фанатык нейкай веры.
Як толькi ен зьнiк у дзвярах, з-за дальняй хаты выбегла некалькi жаўнераў. Чмэз адкрыў беглы агонь па iх. Адзiн павалiўся, другiя схавалiся. Басаевiч са Слэйтарам пачалi страляць. Мiратворцы кiнулi ў Чмэза гранату. Выбухам развалiла спрахнелую дашчатую пабудову псярнi-храма.
- Трэба адыходзiць далей, на балота! Аблажылi кругом! – крыкнуў Басаевiч.
Яны пачалi адступаць, адстрэльваючыся ў дыму.
- Дай мне мабiльнiк, – папрасiў Слэйтар.
- Навошта?
- Карыстаючыся выпадкам, перадам прывiтаньне ўсiм, хто мяне ведае.
Басаевiч працягнуў яму тэлефон. Цяпер можна было не сьцерагчыся рассакрэцiць месца знаходжаньня. Слэйтар набраў службовы нумар тэлефона свайго кiраўнiка ў сталiцы Федэрацыi. Як раз, засьпеў яго на месцы ў кабiнэце. Там, у далекiм iньшым жыцьцi, у людзей пачынаўся звычайны працоўны дзень.
- Пазнаў? - суразмоўца на тым канцы, напэўна, выказаў моцная здзіўленьне ад нечаканага званку, - Дакладаю: Лiшасонця – гэта я.
Слэйтар нацiснуў кнопку і вярнуў тэлефон. Той, з кiм ен так лаканiчна пагутарыў, застаўся ў яшчэ большым здзiўленьнi ад пачутага.
Мiратворцы хутка займалi гарашчы разбураны хутар, аглядялi хаты. Было добра чуваць iхные галасы:
- Да тут все пусто! Нигде никого!
- Кого найдете, брать жывым! – распараджалiся афiцэры.
У адступаючых «абаронцаў духу краю» скончылiся патроны. За спiной было толькi дымячае тарфяное балота, дзе моцны вецер раздуваў у схаваных пад паверхняй сутарэньнях нябачнае полымя. Да iх з хутару ўжо бегла група мiратворцаў на чале з супрацоўнiкамi правадырскiх ворганаў тэрытарыяльнай бясьпекi.
- Брать живыми!
- Пайшлi! – Басаевiч рашуча махнуў рукой на балота, дзе праз некалькi крокаў магчама было апынуцца ў сапраўдным пекле, правалiўшыся ў выгарэлую яму.
Тым часам, на хутары аднекуль зьявiўся хлопец Лiчынка. Верагодна, ен ня ўцек разам з усiмi, а недзе схаваўся, калi пачаўся бой. Ен падпоўз да ляжачага Чмэза, адкiнуў упаўшую на яго даску. Чмэз быў яшчэ жывы, але жыцьце пакiдала яго. Ен сьцiскаў абедзьвума рукамi ўспораты асколкам гранаты жывот. Падобна, што трызнiў.
- Сынок, парвi iх. Чуеш? Парвi iх усiх. Парвi…
З рота Чмэза пабегла кроў. Вочы закацiлiся. Ен памер. Лiчынка, злосна сашчурыўшыся, азiрнуўся навокал. У разрывах дымавай завесы паўсюдна мiльгалi жаўнеры-мiратворцы, на хутар уязджаў танк.
- Праклен, – цiха вымавiў ен, сеў перад трупам ва ўсходняй пазыцыi «лотаса», пераплеўшы ногi, паклаўшы на iх расслабленыя рукi разгорнутымя далонямi кверху.
Заплюснуў вочы. Твар яго зрабiўся адлучаным і набыў нейкi роўны шэры колер, дыханьне спынiлася.
Басаевiч са Слэйтарам адыйшлi па балоту ўжо на пару соцень метраў, пад нагамi ў лiтаральным сэнсе гарэла зямля. Прасьледавацелi, спачатку на хвiлiну затрымаўшыся, баючыся рызыкаваць, зноў працягвалi ўпарта рухацца сьледам, выконваючы загад. На балоце было вельмi сьпякотна. З’едлiвы дым, выходзячы з нетраў праклятай богам зямлi, забiваў горла, легкiя, замiнаў дыхаць, вочы сьлязiлiся. Ад недахопу кiслароду муцiлася ў галаве. Нават загартаваны арганiзм Слэйтара адчуваў моцны дыскамфорт. Часам бялява-шызая заслона цалкам скрывала ўцекачоў ад вачэй пагонi.
Раптам нешта глуха ўхнула, некалькi мiратворцаў, што беглi наперадзе, зьнiклi. На iх месцы зачырванела раскаленымя краямi дымная яма, у якой замiльгалi, танцуючы пахавальную пляску, языкi полымя. Астатнiя спынiлiся. Басаевiч i Слэйтар таксама спынiлiся, назiраючы за iмi з адлегласьцi.
- Хадзiце, вазьмiце! – зларадна прагаварыў Басаевiч, - Тут вам усе паслугi разам: i пахаваньне, i крэмацыя. Два ў адным.
- Што далей рабiць будзем? – спытаў, цяпер ужо хутчэй за ўсе былы, агент федэральнай службы бясьпекi ў былога палявога камандзiра iнсургентаў, - Скажы мне, што ведаеш тут якую-небудзь патаемную сьцежку праз балота.
- Прабач, хлусiць ня буду. Ня ведаю. Ды й iх тут, увогуле, хутчэй за ўсё ня iснуе.
- Цяпер яны, магчыма, проста паспрабуюць нас застрэлiць.
- Тут i схавацца няма куды, як на далонi. Хiба што, скрозь зямлю правалiцца, – змрочна пашуткаваў Басаевiч.
- Глядзi! Што гэта?! – Слэйтар указаў некуды наверх.
Густыя клубы дыму на момант аднесла і яны ўбачылi, як па-над хутарам, над верхавiнамi дрэў у паветры нешта павольна ды iмклiва, як шар запоўнены легкiм газам, узьнiмаецца вертыкальна ўверх.
- Гэта чалавек! Нiбыта сядзiць «па-турэцку»! – прыгледзiўся скрозь дым Басаевiч, - Альбо, гэта ўжо мроiцца? Зданi сярод белага дня?
- Клянуся сваiм выдатным псiхiчным здароўем, гэта Лiчынка! – Слэйтар ужо ня памятаў, калi апошнi раз у жыцьцi нечаму шчыра здзiўляўся, - Але… , але як у яго атрымлiваецца …
- Так, ен! Бачу! Толькi ен, значыць, болей ня Лiчынка.
- Чаму?
- Ты зь iм вячэраў, «у глядзелкi» гуляў?
- Ну?
- Цяпер ен завершаны Лiшасонця.
На хутары пачулiся крыкi, рэдкiя стрэлы. Лунаючага ў небе хлопца заўважылi й там. Ягоная постаць была злавесна нярухомай, толькi паветраныя плынi варушылi адзеньне й валасы вакол шэрага застылага твару з заплюснутымi вачыма. Пад iм, у некалькiх дзесятках метраў унiзе, на паўвыспе мiтусiлiся маленькiя фiгуркi перапалоханых людзей, коўзалiся, нiбыта цацачныя, танкi. Парыў ветру зноў завалок усе наваколле непраглядным густым смогам.
Раптоўна да слыху Басаевiча й Слэйтара з таго боку, з берагу, адкуль яны ўцякалi, даляцеў нейкi незвычайны і разам з тым жудасны гук, паўтораны лясным рэхам. Быццам сотнi глотак у адно iмгненьне адначасова разам выдыхнулi цяжкi стогн, поўны жаху, перадсьмяротнага адчаю, нясьцерпнага болю ды пакут. Быццам з жывога цела нечакана вырвалi душу. Гэты стогн, адкiнуты сцяной лесу, разляцеўся па неабсяжным абшары балота, магчыма, нават дасягнуўшы межаў зоны радыяцыйнага забруджваньня, i зьнiк у прасторы, зьнесены ветрам.
Пасьля ўсе сьцiшылася, анi галасоў, анi крыкаў, анi рову танкавых рухавiкоў. Басаевiчу са Слэйтарам у першую хвiлiну здалося, што заклала вушы. Зьнiклi ўсе гукi, толькi чутна было, як на хутары патрэсквае бярвеньне дагараючых хат.
VI - X. 2002
Belarus
©  Dobry dziadźka Han
Объём: 0.86 а.л.    Опубликовано: 05 09 2007    Рейтинг: 10    Просмотров: 6325    Голосов: 0    Раздел: Приключения
«Дарога – 3 (Лiшасонця) частка 9»   Цикл:
Па-беларуску
«Дарога – 3 (Лiшасонця) частка 11-1»  
  Клубная оценка: Нет оценки
    Доминанта: Метасообщество Беларуская прастора (Пространство, где участники размещают свои произведения и общаются на белорусском и русском языках)
Добавить отзыв
Логин:
Пароль:

Если Вы не зарегистрированы на сайте, Вы можете оставить анонимный отзыв. Для этого просто оставьте поля, расположенные выше, пустыми и введите число, расположенное ниже:
Код защиты от ботов:   

   
Сейчас на сайте:
 Никого нет
Яндекс цитирования
Обратная связьСсылкиИдея, Сайт © 2004—2014 Алари • Страничка: 0.02 сек / 29 •