18 ліпеня а 18-й гадзіне менскага часу – афіцыйны старт трансляцыі "Белсату" на спадарожніку "Сірыус-4".
У той жа дзень адбудзецца наўпроставы эфір з фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча», які ўжо 14 гадоў праходзіць ва ўрочышчы Борык, што каля падбеластоцкага мястэчка Гарадок. Сёлета, 19 ліпеня, упершыню ў гісторыі – у наўпроставым эфіры "Белсату" канцэрт лаўрэатаў "Басовішча-2008", а таксама госця "Басоў" – зоркавага гурта "Нэйра Дзюбель". Тэставая трансляцыя першага незалежнага беларускага спадарожнікавага тэлеканалу пачалася 9 ліпеня. Пашыраючы трансляванне на "Сірыус", мы застаемся на спадарожніку "Астра". Паводле сацыялагічных даследаванняў, праведзеных прыканцы 2006 г., больш за палову спадарожнікавых антэнаў у Беларусі скіраваныя на "Сірыус". Трансляванне на найбольш папулярны ў Беларусі спадарожнік дае магчымасць доступу да праграмаў "Белсату" максімальнай колькасці беларусаў. У звязку з пачаткам працы на "Сірыусе" з 18 ліпеня адбудзецца змена ў праграме "Белсату". Замест сённяшняга 3-гадзіннага блоку, які паўтараецца адзін раз, перадачы "Белсату" будуць выходзіць у адным 6-гадзінным блоку з 18:00 да 24:10. Такая формула дазволіць дапасаваць перадачы "Белсату" да патрабаванняў беларускіх гледачоў і ўзбагаціць праграму каналу. Штодня з панядзелка да суботы пасля галоўнага выдання навінаў (перадача "Аб'ектыў"), якія з 1 ліпеня выходзяць са студыі ў наўпроставым эфіры, прыкладна а 21:10 у эфіры будзе адна з нашых найлепшых публіцыстычных праграмаў (сярод іх – "Рэпартаж з Беларусі", "Госць "Белсату", "Кішэня", "Рэпартэр", "YoLife!", "Маю права", "Хто ёсць кім?") або дакументальны фільм на гістарычную тэматыку ці з расповедам пра тыя бакі жыццё Беларусі, пра якія немагчыма даведацца з іншых тэлеканалаў. Асаблівую ўвагу заслугоўваюць дзве публіцыстычныя перадачы. У суботу – "Тыдзень з радыё "Свабода", падрыхтаваны журналістамі беларускай службы радыё "Свабода". Прэм'ера перадачы плануецца напрыканцы жніўня. А ў нядзелю традыцыйна – тэмы, якія датычаць большасці з нас, у ток-шоу "Форум" з Эдуардам Мельнікавым. Адначасова са зменаю ў праграме, у эфір пачнуць выходзіць дзве перадачы тэлеканалу "Нямецкая хваля" (Deutsche Welle): European Journal – тэлечасопіс з актуальнымі рэпартажамі з усёй Еўропы на палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя тэмы, а таксама Euromaxx – перадача пра еўрапейскі стыль жыцця, культуру і адпачынак. У пятніцу, суботу і нядзелю на "Белсаце" – найлепшыя мастацкія фільмы і забаўляльныя перадачы, сярод якіх – «Жаўтуха» і «Кухня». Параметры Белсата на Сірыусе: ПАЗІЦЫЯ 5° E, ПАЛЯРЫЗАЦЫЯ H, ЧАСТАТА 12 379,6 МГЦ
|