Литературный Клуб Привет, Гость!   ЛикБез, или просто полезные советы - навигация, персоналии, грамотность   Метасообщество Библиотека // Объявления  
Логин:   Пароль:   
— Входить автоматически; — Отключить проверку по IP; — Спрятаться
Одно копьё — в его речи, одно — в его ногах, одно — в коже, одно — в сердце, одно — в детородном органе
Брахманы
Dobry dziadźka Han   / Па-беларуску
Дарога – 3 (Лiшасонця) часткі 12, 13, Эпілег
Усё на крывi, усё на касьцях,
Усё шматзначна й адназначна.
N.R.M. «Я еду».
раман аб вырадках у 13 частках

(Усе супадзеньнi не выпадкова зьяўляюцца супадзеньнямi)

ЗЬМЕСТ :

Частка 1. (Першая)
Частка 2. Хаўрусьнiкi
Частка 3. Незвычайная просьба
Частка 4. У дарозе да сталiцы
Частка 5. У сталiцы
Частка 6. У дарозе са сталiцы
Частка 7. Iнсургенты
Частка 8. У лесе, на возеры, на краi краю
Частка 9. Маска гневу
Частка 10. Левiтацыя
Частка 11. Сьвята Ўраджаю
Частка 12. Апошняя помста. Эпiлег.
Частка 13. Апошняя

Частка 12. Апошняя помста.

Цягнiк прывез змоўшчыкаў у сталiцу. Вялiкi чыгуначны вакзал зноў сустрэў iх мiтусьней людскога натоўпу. Пераходы, эскалатары, празрысты дах – усё тут нагадала Клiму iнтэр’еры з фантастычных кiнастужак пра будучыню, якiя глядзеў у дзяцiнстве. Цяпер будучыня зрабiлася сучаснасьцю, але ў гэтай якасьцi была ўжо зусiм не цiкавай. Наадварот, усё навокал толькi раздражняла. Клiм адчуваў сабе вельмi стомленым, хацелася нiчога й нiкога ня чуць i ня бачыць. Позiрк яго выхоплiваў і даносiў да сьвядомасьцi з рэчаiснасьцi толькi асобныя гукi, адарваныя дэталi ды фрагмэнты: пусты вугал калiдору падземнага праходу пад плошчай, яркiя фарбы нейкай рэклямнай шыльды, шарканьне соцень ног па сырой каменнай падлозе, стомленыя мiлiцыянты, стомленыя твары пасажыраў падземкi. «Напэўна так усё бачыў і ўспрымаў Лiшасонця», - падумалася Клiму.
Бязногi калека, што рухаўся па вагоне на цялежцы, атрымлiваючы мiласцыню, не выклiкаў сваiм выглядам у «снайпера-збавiцеля» анiякiх асацыяцыяў.
«Канечны прыпынак. Поезд далей не iдзе. Калi ласка, пакiньце вагоны», - пачуўся механiчны голас. Змоўшчыкi выйшлi з падземкi. Клiм знаходзiўся ў такiм стане, што наўрад цi здолеў бы адшукаць зваротны шлях. Алiса ўзяла яго пад руку i ен паслухмяна плеўся разам зь ей туды, куды усе, нi аб чым не пытаючыся. Пры iньшых абставiнах бесклапотна iсьцi зь ей разам пад руку было б вельмi премна, але зараз Клiму ўсё было абыякава, ад глыбокага нэрвовага спусташэньня ў яго зусiм не засталося анiякiх эмоцыяў. «Можа, вось так i становяцца Лiшасонцяй, - часам пачынала здавацца яму, - вось так, калi пачынаеш бачыць сапраўдную сутнасць рэчаў, усё робiцца нязначным. Можа я станаўлюся Лiшасонцяй?»
Клiм быў стомлены. Прыпылены горад здаваўся стомленым ад самога сябе. Яны некуды iшлi, потым ехалi, потым ізноў iшлi. Паўсюдна ў горадзе: у метро, на паверхнi - на слупах, на сценах будынкаў на вочы траплялiся невялiкiя налепленыя ўлеткi з выявай вусатага твару правадыра i надпiсам - «Ен павiнен памерцi!». Аб тым, якiм чынам памерцi, красамоўна сведчыла намаляваная на iлбе кiраўнiка дзяржавы чорная дзiрка, а вакол яе - штрыхі перакрэсьця аптычнага прыцэлу.
Алiса пiхнула яго локцем у бок, зьвяртаючы ўвагу на налепкi. Усьмiхнулася:
- Гэта тое, чаго чакае народ!
«Як народ, невядома, а што ты вельмi чакаеш, я ў гэтым не сумняваюся», - зразумеў Клiм.
- А чаму народ чакае, каб менавiта куляй? – iранiчна спытаў ен.
- Куляй? Напэўна, ен сам прадрок уласны лес, калi перад выбарамi iнсцэнiраваў замах на сябе, нiбыта быў абстраляны. I народ памятае гэта. Чаго жадаў – тое атрымаеш!
Гаркавы і сыны Сцяпана Мечаслававiча пакiнулi кампанiю, а Алiса павяла «снайпера-збавiцеля» да прызначанага часовага месца жыхарства.
Нарэшце яны дабралiся. Гэта быў гараж. Машыны ў iм не было. Ен быў прыстасаваны пад жытло. Гаспадар, з выгляду - састарэлы хiпi, штосьцi варыў у кацялку на элетрычнай плiтцы.
- А, здароў, Iгнат! – павiтаўся ен з Алiсай, сустрэўшы незразумелы позiрк Клiма, патлумачыў, - Гэта ў яе мянушка такая, яшчэ са школы.
- Чаму «Iгнат»?
- Быў некалi такi студэнт Iгнат, забiў iмпэратара. Яна гэтай тэмай шмат захаплялася. Усе дзяўчынкi, як дзяўчынкi – шмоткi, дыскацэкi, хлопчыкi, а яна - аматар палiтычнага тэрору. Зноў жа, падзеi сучаснай гiсторыi – няшчасны дзядзя Ваня, - працягваў насьмешлiва тлумачыць ен.
- Ладна, патлаты, палi свой бамбук, – крыху раззлавалася Алiса, - хопiць балбатнi. Я вось прывяла табе пастаяльца, ен за гаражом прыглядзiць.
- Добра! – узрадваўся хiпi, - Глядзi ж, каб я не перажываў, не хваляваўся. Вядзiце сябе тут добра. Сьмецьце за сабой прыбiрайце.
Клiм тым часам аглядаў «жытло». Гараж быў даволi нядрэнна прыстасаваны, каб жыць у iм. Амаль загарадны дом, амаль кватэра. Тое-сее з мэблi. Было дзе сядзець, дзе есьцi, дзе спаць, нават быў тэлевiзар.
Клiм узяў кнiжку з невялiкай палiчкi, адчынiў на старонцы, што была закладзена, прачытаў: «1. Боевая организация ставит себе задачей борьбу с самодержавием путем террористических актов. 2. Боевая организация пользуется полной технической и организационной самостоятельностью, имеет свою отдельную кассу и связана с партией через посредство центрального комитета. 3. Боевая организация имеет обязанность сообразоваться с общими указаниями центрального комитета, касающимися: a) Круга лиц, против коих должна направляться деятельность боевой организации. b) Момента полного или временного, по политическим соображениям, прекращения террористической борьбы. Примечание. В случае объявления центральным комитетом полного или временного, по политическим соображениям, прекращения террористической борьбы, боевая организация оставляет за собой право довести до конца свои предприятия, если таковые ею были начаты до означенного объявления центрального комитета, какового права боевая организация может быть лишена лишь специальным постановлением общего съезда партии». На палях старонкi былi зроблены алоўкам паметкi, нататкi, неразборлiвыя заўвагi хуткiм почыркам.
- Гэта ўсё яе кнiгi, - сказаў хiпi, убачыўшы Клiмаву цiкаўнасць, - я такiя не чытаю, яны карму псуюць.
- Такiя, значыць, жаночыя раманы…
У гаражы на ўсю сцяну вiсеў вялiзны плян гораду, на iм магчыма было разгледзiць усе будынкi, нават асобныя дрэвы ў парках. Мяркуючы па ляжачай побач палiтры, слоiку з пэндзалямi, стары хiпi сам маляваў яго.
- А што гэта пазначана чырвонымi кропкамi на мапе? – пацiкавiўся Клiм.
- Гэта плян размяшчэньня каналiзацыйных станцый падкачкi.
- Навошта?
- Ен мае iдэю-канцэпцыю: узарваць альбо яшчэ нейкiм чынам спынiць усе разам фекальныя помпы ў горадзе. Каб сталiца захлынулася ва ўласным дзярме, – у сваю чаргу пачала распавядаць Алiса пра захапленьнi хiпi, - У нас, дарэчы, вельмi спрыяльны рэльеф мясцовасьцi. Пацерпiць амаль палова гораду. Уявi сабе, гэта будзе сапраўды апакалiптычная вiдовiшча – дзярмо папрэць назад з труб у кватэры на першых паверхах, пад напорам усплывуць чыгунныя крышкi каналiзацыйных люкаў, патокi нячыстот заллюць вулiцы i ўсё навокал.
- А навошта яму гэта?
- Ен лiчыць, што горад варты гэтага. Гэта будзе акт ачышчэньня, дыялектычнага ачышчэньня праз забруджваньне.
- Якi рамантык!
- Ен як раз выпраўляецца ў падарожжа, за натхненьнем. Пажывеш пакуль тут, – вярнулася Алiса да справы, - тут вельмi ўтульна, ты гэта адчуеш. А каб не сумаваў, я табе складу кампанiю.
Такi паварот падзей Клiма цалкам задавальняў.

Алiса схадзiла да бацькоў, нешта схлусiла аб тым, што будзе нейкi час адсутнiчаць. Увечары ў гаражы яны селi вячэраць, уключылi тэлевiзар. Паказвалi выступленьне правадыра.
Да агiднага знаемым сiпатым голасам ен даводзiў: «Я шчытаю, што сiтуацыя у стране йышчо давольна напражонная, i а полнам вывадзе канцiнгента мiратворчаскiх сiл гаварыць рана. Iх прысутствiе - эта гаранцiя нашай безапаснасцi, еслi на то пашло, залог стабiльнасцi, мiра в нашам опшчастве. А безапаснасць i стабiльнасць нам сечас ой, как нужна, i мы усе прэкрасна эта панiмаем. Ведь вы пасматрыце, какiе раны эцi зверы нанеслi нашай стране, нашаму народу. А ведь мы ешчо помнiм ужасы прошлай вайны! I паэтаму мне асобенна горка асазнаваць, што на нашай мнагастрадальнай земле, спална iзведаушай гора i бед за сваю iсторыю сечас нашлiсь такiе нелюдзi. Iх не многа, эта горстка эцiх недачэлавекау, атшчэпенцау, но прычыненны iмi врэд агромен. Я гавару не толька а непасрэдственнам врэде, но i об агромнейшам духоунам врэде, а той цяжкай маральнай трауме, нанесеннай нашаму опшчаству. Но i у этай непрастой сiтуацыi мы нашлi у себе сiлы для максiмальна карэктнага, дiпламацiчэскава рэшэнiя праблемы. Зная, што у радах бандiтау аказалась многа элементарна абманутых людзей, асобенна маладежы, каму затуманiлi мазгi ненастаяшчымi паддельнымi псеудапатрыацiчэскiмi лозунгамi, мы аб’явiлi амнiсцiю, пашлi на то, штобы прасцiць «ашыбкi моладасцi». Эта, сагласiцесь, сверхдемакрацiчна. С цех пор прашло дастатачна урэменi, штобы усе, хто хацел маглi эта ацэнiць i правiльна сарыенцiравацца, сделаць саатветствуюшчые вывады. Аднака, некатарые «спадары» да сiх пор не угаманiлiсь, несматра на заверэнiя iх главарэй о прэкрашчэннi баевых действiй. Терарысцiчэскiе вылазкi прадалжаюцца. Не усе аб этам знают, но i папыткi пакушэнiй на меня, как главу гасударства, праiсходят рэгулярна. Iх ужэ нескалька была прэдатврашчэно за паследнее урэмя iсключыцельна благадара прафесiаналiзму нашых спецслужб. Што ж, «непрымiрымые змагары», пеняйце на себя! Мы распалагаем дастатачнымi срэдствамi i вазможнасцямi, штобы паставiць вас на места. Наша усепрашчэнiе не безгранiчна…».
- Скажы, якую зброю трэба? Сваяк дастане, – спытала Алiса.
- Не трэба.
Яна насьцярожана паглядзела на яго разумнымi вачыма. Клiм растлумачыў:
- Мая зброя заўжды са мной.
Ен выцягнуў з кiшэнi пiсталет. Гэта быў добры пiсталет, буйнакалiберны, сямiзарадны. Працаваць быў павiнны безадказна. Ен застаўся Клiму ад дзеда, а дзеду ад яго дзеда. Зь яго за апошнiя дзьве сотнi год было забiта шмат людзей, падобна на тое, што й Клiм не зьбiраўся спыняць гэтую традыцыю.
- Гэта ен й есць? Той самы? – Алiса амаль з рэлiгiйным трапятаньнем пацягнулася рукой да зброi.
- Так, той самы.
Яна даволi шмат часу разглядала пiсталет, як зачараваная, нiбыта забыўшыся аб усiм на сьвеце.
- А што ты ведаеш пра старога, пра Гавенюка-Сумленнага, - абудзiў яе пытаньнем Клiм, - Хто ен такi?
- Хто ен? - яна на iмгненьне задумалася, - Пра тое, што вы вязеце зброю ведаў правакатар у кiраўнiцтве паўстаньня, дакладней гэтая пастаўка й была арганiзавана iм, як правакацыя, каб пры атрыманьнi зброi «накрыць» увесь атрад Басаевiча. Гавенюк-Сумленны выконваў гэты плян правакатара, адначасова дзейнiчаў па заданьню спэцслужбаў Федэрацыi – сачыў за табой, i пры гэтым зрабiў сваю ўласную гульню, а iх пляны зблытаў ды парушыў. У ваш першы прыезд у сталiцу Слэйтар, накiраваны сынамi старога, забiў «сувязнога» ад таго правакатара. Нi тые, нi гэтые спэцслужбы да апошняга моманту не здагадвалiся, на чыем Гавенюк-Сумленны баку, не здагадвалiся, што ен трайны агент.
- На чыем жа ен баку на самой справе?
- На сваiм уласным. На баку сьвятой справы – Лiшасонцi. А Слэйтар меў сваю асабiстую задачу – знайсьцi і зьнiшчыць Лiшасонцю, але дакладна спачатку нiчога пра гэта не ведаў, як i яго кiраўнiкi, акрамя таго, што Лiшасонця – назва сьмяротнай пагрозы, таямнiчай бiялягiчнай зброi. Але стары справакаваў федэральную службу бясьпекi выправiць агента ў гэтае падарожжа. Слэйтар быў патрэбны яму дзеля стварэньня завершанага Лiшасонцi. I ен свайго дамогся.
- А навошта сыны старога вадзiлi нас у калектар?
- Яны вадзiлi вас у калектар? – перапытала Алiса.
- Так.
- I што там адбылося?
- Нехта з цемры пачаў страляць i мы ледзь унесьлi ногi, - Клiм непрыязна паморшчыўся, прыгадаўшы тые падзеi.
- Тады зразумела! Такiм чынам яны праверылi, цi сапраўды сарваны плян правакатара. Верагодна, сумнявалiся, цi забiў на самой справе Слэйтар падстаўнога сувязнога. Калi б вас там ужо чакалi і сустрэлi з абдымкамi, а потым сталi ладзiць сустрэчу з iнсургентамi, гэта азначала б, што плян правакатара працягвае здзейсьняцца. А калi не чакалi і сустрэлi кулямi, як тое й было, значыць справа iшла, як патрэбна Гавенюку-Сумленнаму. Увогуле, мне здаецца, што стары i паўстанчаскага правакатара падбiў на гэтую апэрацыю, падкiнуў iдэю з прыманкай - нелягальнай пастаўкай зброi, каб у вынiку выкарыстаць усю iнтрыгу на карысць сабе ў сваiх мэтах.
- Як усё заблытана! – здзiвiўся Клiм, але не настолькi, наколькi можна было чакаць.
Нейкая думка хвалявала яго значна болей, чым хiтрыя шпiенскiя гульнi ды падманы ў гэтай гiсторыi.
- Адкажы, - спытаў ен у Алiсы, - а я выправiўся ў гэтае падарожжа таксама таму… таму, што гэта было сплянавана старым i было патрэбна яму цi якiм спэцслужбам, альбо… сам?
Яна з сумным разуменьнем паглядзела на яго, чакаючага адказу як прысуду, цьверда адказала:
- Гэтага я ня ведаю.
I ен не ведаў, адказала яна праўду, альбо не. Можа крыху здалося, што гэтымi словамi яна, у першую чаргу, спрабавала запэўнiць сама сябе.
- А каму патрэбна, каб я забiў тутэйшага правадыра?
Алiса зрабiла здзiўлены твар, ускiнуўшы прыгожыя бровы, маўляў аб чым яшчэ на гэты конт можна пытацца?
- Як, каму? Табе, мне, усiм патрэбна!

- Бог на дапамогу, – пачулася ззаду, калi Пархвен Фролавiч Гаркавы нахiлiўшыся над чыгуначнай рэйкай правяраў кантакты на правадах, вядучых пад яе.
Па адхону, кульгаючы, уздзiраўся на насып заросшы стары ў пашарпаным вайсковым строi, без пагонаў. Ен устаў, абапяршыся на кiй.
- Сцяпан Мечыслававiч! – узрадавана пазнаў Пархвен Фролавiч.
Старыя горача павiталiся, абнялiся.
- Ну што, зададзiм свалачам зараз?! – бадзера спытаў Гавенюк-Сумленны, па-маладзецку блiснуўшы вачыма.
- Так, увалiм пераможцам сраным па поўнай!
- Хлопцы, - зьвярнуўся Сцяпан Мечыслававiч да дзьвух памагатых Гаркавага, - у мяне ў багажнiку яшчэ адзiн, цягнiце сюды! Колькi змог аманалу здабыў.
Тые пабеглi ўнiз з высокага насыпу да аўтамабiлю, пад iх нагамi загрукаталi, заскокалi па адхону абсыпаючыся каменьчыкi.
- Усё iдзець як трэба? – пацiкавiўся стары адстаўнiк тэрытарыяльнай бясьпекi.
- Усё нармальна. Толькi на хвасце ў мяне вiсяць, вылiчылi. Дужа населi. У патылiцу дыхаюць. Не чакаў ад iх такога спрыту. Ну нiчога, не першы раз. Мяне голымi рукамi ня возьмеш.
- Ашчадней! Не сьпяшайцеся! – крыкнуў Гаркавы хлопцам, якiя ўжо несьлi на насып другi зарад, - Час яшчэ есць.
- У твае часы, дзед, цягнiкi цiшэй хадзiлi! Не раўняй! – вясела агрызнулiся яны.
Заклалi пад рэйкавы стык й гэты зарад, пачалi абкладаць каменьнем, раскручваць правады. Пархвен Фролавiч запахнуў палiто. Халодны кастрычнiцкi вецер цягнуў з поўначы па нiзка навiслым небасхiле цяжкiя цемныя хмары. Абапал чыгункi шэра-зяленай сцяной стаяў маўклiвы лес. Дакладней, з месца, дзе знаходзiлiся падрыўнiкi, лес выглядаў хутчэй не сцяной, а паверхняй, што хвалямi ўздымалася ў далячынi. У гэтым месцы верхавiны хвой знаходзiлiся амаль на адным узроўнi з насыпам. Тут чыгунка перасякала глыбокi роў, па якiм бег ручай. Зручней месца было не знайсьцi.
Гаркавы пахлопаў стаячага побач хлопца па плячы:
- Глядзi, сынок, вось гэта й есць наш сапраўдны нацыянальны мэнталiтэт! Традыцыя. Можна казаць шмат словаў, але ж сапраўднае – толькi ў дзеяньнi.
Здалек парыў ветру данес працяжны гудок цягнiка. Людзi засьпяшалiся да аўтамашын, пакiнутых на лясной дарозе.
Праз некалькi хвiлiн лясное рэха разнесла па наваколлю перастук вагонных колаў. Рухаўся доўгi састаў з вайскоўцамi й бронетэхнiкай. Хутка ў прасьветах памiж дрэвамi стала бачна мiльгаючыя вагоны. Яны iмклiва iмчалi жаўнераў да нечаканай пагiбелi.
На насыпу палыхнула агнем, глуха выбухнула. Лагодныя для слыху гукi сельскай мясцовасьцi, што панавлі тут гадамi: чутны час ад часу прыглушаны лесам стук колаў на стыках чыгункi ды заўседная цiхая журчаньне ручая раптоўна зьмянiлiся грубым iндустрыяльным грукатам ды рэзкiм скрыгатаньнем металу аб метал. Вагоны зьмiнаючы й крышучы адно аднаго ляцелi пад адхон сьледам за цягнiком, скiнутым выбухам з рэек.
Апракiнуты гарашчы цягнiк ужо зрабiўся нерухомым сярод зламаных дрэваў, а састаў, няўмольна штурхаемы набранай энэргiяй руху, яшчэ працягваў валiцца на бок з насыпу ў роў, ствараючы шматтонную кучу дэфармаванага металiчнага лому з перакуленых расплюснутых вагонаў ды вайсковай тэхнiкi. Удараючыся, узлазючы коламi на дахi папярэднiх, яны нагрувашчвалiся пад чыгуначным насыпам, ламаючы старыя хвоi, як запалкi. У гэтым сталевым пекле застацца ў жывых было практычна немагчыма.
- Канечны прыпынак, поезд далей не iдзе! – цынiчна паведамiў падбегшы хлопец, што прывеў у дзеяньне ўзрыўное прыстасаваньне.
Калi праз iмгненьнi ўсё скончылася, зьнiклi ляскат і жудасная скрыгатаньне, у цiшынi зноў стала чутна журчаньне ляснога ручая. Быццам нiчога й не адбылося. Толькi плынь ручая забрудзiлася мазутна-маслянай пленкай ды ад чыгункi пацягнула з’едлiвым дымам.
Сцяпан Мечыслававiч выпусьцiў з машыны некалькi белых балонак. Па ўсiм вiдаць сядзець у машыне сабачкам ужо вельмi надакучыла і яны ўзрадавана забегалi па беразе.
- Справа зроблена! – задаволена зазначыў Гаркавы i дадаў з гумарам, - У рэшце рэшт, наш правадыр сам казаў, што разьвiтвацца з мiратворцамi яшчэ заўчасна, дык няхай крыху затрымаюцца на нашай зямлi! Паехалi!

У бары шматзоркавага сталiчнага гатэлю цiха, ненавязьлiва, каб не перашкаджаць размовам, грала легкая музыка. Мяккае прыглушанае чырвонае сьвятло лiлося ў памяшканьне з-за дэкаратыўных панэляў на столi й сценах. Наведвальнiкаў было не шмат: мужчына сярэднiх гадоў казаў сваей значна маладзейшай спадарожнiцы ў элэгантным вячэрнiм плацьцi штосьцi вельмi прыемнае, мяркуючы па яе выглядзе; за столiкам насупраць iньшы мужчына, пагружаны ў свае думкi, нясьпешна пiў добры каньяк; яшчэ некалькi асобаў, верагодна iньшаземцы, цiха гутарылi памiж сабой. Бармэн, каб нечым сабе заняць, у каторы раз працiраў сурвэеткай чаркi.
Спiной да ўсiх, ля стойкi, пацягваючы з бакалу вiно, сядзеў падкрэсьлена вытанчана апрануты малады чалавек. Вольнай рукой ен прыцiскаў да сабе невялiкую белую сабачку з блакiтным бантам на шыi. Па таму, як ен трымаўся, па старанна зробленаму манiкюру на пазногцях, дагледжаных руках, нязначнаму, але ўсё ж выкарыстаньню касметыкi на твары, уважлiваму назiральнiку можна было зрабiць выснову аб яго нетрадыцыйнай полавай арыентацыi. Яшчэ болей некага, магчыма, здзiвiў бы той факт, што на сьвеце акрамя яго iснавала яшчэ адзiнаццаць чалавек такой самай зьнешнасьцi, хiба што не з такiмi дагледжанымi пазногцямi, але ж аб гэтым нiхто не здагадваўся. Малады чалавек верагодна кагосьцi чакаў.
На парозе зьявiўся афiцэр-вайсковец у форме мiратворчаскiх сiл федэрацыi. Дама, на iмгненьне адцягнула ўвагу ад свайго суразмоўцы, зьмерыла яго ацэньваючым позiркам. Афiцэр хутка абвеў вачыма ўсiх прысутных і ўпэўнена накiраваўся да гея. Той заўважыў постаць падыйшоўшага ў люстэркавай сцяне бару, павярнуўся да яго.
- Номер девятьсот двадцать треттй. Вас ожидают, – крыху нахiлiўшыся да яго, цiха, каб не чутна было астатнiм, але даволi выразна, вымавiў вайсковец.
- Ага, – манерна выдыхнуў юнак, злегку нахiлiўшы галаву ў знак разуменьня.
Ен паставiў бакал на стойку, пераклаў сабачку ў другую руку, сказаўшы ей пры гэтым нешта накшталт: «Пойдзем Лу-лу, нам пара», і накiраваўся да шкляных дзвярэй. Афiцэр-мiратворац застаўшыся ў бары праводзiў яго доўгiм позiркам усьлед.
Малады чалавек выйшаў з лiфта на чатырнаццатым паверсе гатэлю, прайшоў па калiдоры і апынуўся перад дзверамi з лiчбамi «923». На iх была прычэплена шыльдачка «Не турбаваць!». Кiраўнiку кантынгенту мiратворцаў генералу Мурашкiну, што занiмаў гэты нумар «люкс» зараз сапраўды быў вельмi патрэбны спакой. Ен да гэтай пары цяжка перажываў страту свайго каханка Аўраамава, да таго ж нэрвавала невядома чым выклiканая недавольства кiраўнiцтва ў сувязi з пагiбеллю некалькi месяцаў таму брыгады мiратворцаў, калi маштабныя баявыя дзеяньнi ўжо фактычна былi спыненыя. I справа тут была зусiм не ў вялiкай колькасьцi стратаў асабiстага саставу, а ў нечым iньшым. Ен адчуваў, што не выканаў штосьцi, што ад яго вельмi чакалi. Але ж у чым тут была справа, ен зусiм не здагадваўся.
Заказаць хлопчыка ў нумар – гэта павiнна было нядрэнна дапамагчы расслабiцца.
У дзверы пастукалi. Ен адчынiў. Вось i ен – патрэбны хлопчык-гей. Выглядае нядрэнна, траплялiся й горш. З маленькiм сабачкам. Што ж, даволi пiкантна. Некалькi звыклых словаў не аб чым. Нашто словы - прыслалi прафэсыянала, ен добра ведае сваю справу. Заказ зроблены ў элiтным завядзеньнi. Паслуга прадстаўляецца па вышэйшаму ўзроўню.
- Что-нибудь выпьеш?
- Хiба, крыху марцiнi, - гей нядбайна-эратычна скiнуў верхняе адзеньне. Падыйшоў да вакна, адчынiў. Удыхнуў паветра, акiнуў позiркам мора вагней вялiкага гораду, - Прыгожы вечар!
Мурашкiн зiрнуў на яго стройныя падцягнутыя ягадзiцы, адчуў прыемнае напружаньне ў прамежнасьцi. Наблiзiўся:
- Иди ко мне! – паспрабаваў абняць маладое цела.
Раптам юнак даволi жорстка й крэпка схапiў яго.
У наступнае iмгненьне напалову распранутае цела камандуючага кантынгентам мiратворчых войскаў двойчы героя Федэрацыi генерала Мурашкiна моцна грукнулуся аб асфальтавая пакрыцьце паркiнгу перад гатэлем. Напужаная жанчына, якая непадалек толькi што выйшла з аўтамабiлю, ад нечаканасьцi нават выпусьцiла з рук пакунак з фруктамi, гучна закрычала, закрыўшы твар далонямi.
Тым часам наверсе ў нумары «гей» хутка змыў з твару педэрастычны грым, апрануўся і выйшаў за дзверы, пакiнуўшы ў нумары сваю белую балонку. Спрытна пабег па лесьвiцы ўнiз.

Прачнуўшыся ранкам у адным ложку, ен хацеў пагаварыць зь ей аб нечым простым, чалавечым, але Алiса ўсе размовы пераводзiла на забойства тырана, даволi жорстка даючы зразумець, што зараз яе акрамя гэтага нiчога не цiкавiць.
Клiму здалося, што ен сам цiкавiць яе выключна ў сувязi з правадыром, толькi як снайпер-збавiцель, як жывы малюнак з падручнiка па гiсторыi. Так бы мовiць у зьвязцы. А асабiста – не. Гэта яму вельмi не спадабалася. Цi можа, ей патрэбна, каб ен выключна такiм чынам давеў ей, што ен «сапраўдны мужык», здольны на «сапраўдны ўчынак»? Але ж, здаецца, ен ужо калiсьцi зрабiў учынак, якi выпадае на долю ня кожнаму з мiльенаў. Албо гэта проста тады так склалася, што ўчынак адбыўся менавiта з яго ўдзелам? Напэўна, яна лiчыць, што такi герой павiнен пастаянна пацьвярджаць свой статус. Дык што ж, яму кожныя некалькi год забiваць па дыктатару? Тады аўтарытарных правiцеляў ва ўсiм сьвеце не хопiць на ўсе яго жыцьце.
Клiм страцiў душэўную раўнавагу. Ен зноў пагрузiўся ў стан падобны на той, у якiм знаходзiўся, калi яны прыехалi ў сталiцу краю месяц таму.
Яны апынулiся недзе ў цэнтры, блiзка ад галоўнай плошчы сталiцы. Там павiнны быў адбыцца вайсковы парад i сьвяточны мiтынг працоўных з нагоды гадавiны прыходу да ўлады Дзядзi Ванi ды стварэньня Вялiкай Дарогi. Гэтае сьвята ў краi шырока адзначалася па-ранейшаму, хаця нават у суседняй федэрацыi, якая афiцыйна стала дзяржавай-спадкаемнiцай Вялiкай Эпахальнай Дарогi, яму ўжо не надавалi такой значнасьцi.
Алiса прывяла Клiма ў двор жылога дому, там у гаражы чакаў малады Гаркавы з матацыклам. «Вось жыцьце пайшло – з гаражу ў гараж», - зазначыў Клiм. Па тому, амаль што па-дзiцячы шчыраму захапленьню, у якiм знаходзiлiся змоўшчыкi, ен зразумеў, што ўжо хутка, праз якiя лiчаныя хвiлiны, яму прыйдзецца здейсьнiць падрыхтаванае.

У гэты сьвяточны дзень, карыстаючыся адмычкамi, праз сутарэнны ўваход у гаспадарчыя пабудовы, Слэйтар, заўважаны пры гэтым толькi птушкамi, якiя не надалi гэтаму анiякае ўвагi, што, дарэчы, было для iх даволi характэрна, пранiк у будынак сталiчнага ўнiвэрсытэту і падняўся ва аўдыторыю на апошнiм паверху. За вокнамi ўнiзе быў бачны натоўп на плошчы, трыбуна, на якой хутка павiнен быў зьявiцца правадыр з членамi ўраду. Людзi ў натоўпу трымалi сьцягi, аднолькавыя партрэты Першага Правадыра. «Хутка распачнецца карыда! - з усьмешкай падумаў Слэйтар, гледзючы на пераважна чырвоны колер сьцягоў, - Ага, вось й бык!».
Зьявiўся кiраўнiк дзяржавы, у суправаджэньнi сьвiты й аховы ўзыйшоў на трыбуну.
«Цяпер засталося дачакацца матадора». Слэйтар ведаў, што рыхтуецца штосьцi цiкавае.
Ен заняўся самастойным рассьледваньнем. Здолеў адшукаць у сталiцы Гавенюка-Сумленнага, патаемна сачыў за яго дзейнасьцю. Той сумесна з падпольнай арганiзацыяй за гэты час распачаў рэйкавую вайну - падрыхтаваў чатыры падрывы цягнiкоў з войскамi мiратворцаў, забойства генерала Мурашкiна. Вось толькi анiякiх сьлядоў Лiшасонцi не знаходзiлася. Нiчога, што магло б падказаць, дзе ен, што зь iм.
Напярэдаднi сьвяточнага мерапрыемства Сцяпан Мечыслававiч з сынамi ўсталяваў у завулку, якi прылягаў да плошчы, на фанарным слупу нейкi прыбор. У тую ж ноч Слэйтар агледзiў яго. Гэта быў накiраваны выпраменьвальнiк ультрагуку. Пад яго ўздзеяньне падпадала частка завулку, перакрыжаваньне з галоўным сталiчным прасьпектам, ускраiна плошчы – месца, на якiм заўжды выстаўлялася ачапленьне пры правядзеньнi дзяржаўных сьвятаў. Слэйтар зразумеў, што наблiзiўся час апошняй помсты.

Клiм чамусьцi не падзяляў апантанасьцi, ахапiўшай Алiсу з Гаркавым, не адчуваў узьнесласьцi моманту і зусiм анiякiх хваляваньняў. Гэта стала яму не цiкава. Ен зрабiўся сумным. Нават стаячая побач Алiса, зь якой ен зблiзiўся за гэты месяц настолькi, што блiжэй няма куды, пачала здавацца нейкай далекай, чужой.
Гэты «дзядзька Ваня ў другiм калене», уся гэтая сытуацыя - нейкая другасная. Бляклае паўтарэньне той велiчнай гiстарычнай падзеi на месцячковым узроўню. Усе цяпер ня тое: час ня той, людзi ня тые. Фарс-вадэвiль. Штосьцi ня тое адбываецца.

Слэйтар не падыходзiў блiзка да вакна. Назiраў з глыбiнi аўдыторыi. Пабачыўшы, што правадыр зьявiўся на трыбуне, ен не сьпяшаючыся надзеў скураныя пальчаткi, выцягнуў з-за вялiзнай насьценнай шыльды з тварамi клясыкаў лiтаратуры вiнтоўку з аптычным прыцэлам, зарадзiў, перасмыкнуў затвор, паклаў на парту перад сабой, працягваў чакаць. Рухi яго былi звыклымя, упэўненымя. Клясыкi лiтаратуры са сцяны сур’езнымi вачыма паглядалi на яго прыгатаваньнi.

Гаркавы падтрымлiваў з некiм сувязь па мабiльным тэлефоне. Той вiдаць знаходзiўся дзесьцi на плошчы і перадаваў, што там адбываецца. Хаця пагалоскi прамовы правадыра з гукаўзмацняльнiкаў было добра чуваць у двары й так.
- Ну, вось, матацыкл працуе, як гадзiннiк, не падвядзе. Выязджаеш у арку на вулiцу і на права. Там прама, дзьвесьцi метраў і плошча. Трыбуна пад помнiкам. Ен на трыбуне, - праiнструктаваў Гаркавы.
Клiм нi пра што не дапытваўся. Ахова, ачапленьне – гэта не яго клопат. Напэўна, гэтыя людзi добра ведаюць, што робяць і ўсё прыгатавалi. Яму патрэбна толькi зрабiць гiстарычныя стрэлы.

Слэйтар падрыхтаваў даволi дзерзкi ўчынак. Ен добра ведаў, што на плошчы будуць правераны ўсе да адзiнага люкi, што будуць зроблены ўсе магчымыя й немагчымыя захады па забеспячэньню бясьпекi кiраўнiка дзяржавы, у тым лiку, што на дахах усiх будынкаў, якiя прылягаюць да плошчы, будуць знаходзiцца ахоўнiкi ды супрацоўнiкi ворганаў. На дахах, але не ў памяшканьнях!
Таму Слэйтар спынiў выбар на будынку унiвэрсытэту, як найбольш падыходзячым, як найбольш зручна разьмешчаным. Ен спецыяльна ўладкаваўся сюды, ва ўнiвэрсытэт на працу прыбiральшчыкам па падробных дакумэнтах і меў дастаткова часу, каб загадзя прыхаваць тут зброю, каб вызначыць лепшую пазыцыю.
Апасьля сьвята Ўраджаю ен зьбiраўся ўжо пакiнуць гэты пракляты богам край, як неяк неспадзявана для самога сабе вырашыў: «Ну, калi ўжо я Лiшасонця, дык трэба дапамагчы гэтым рамантычным дзеткам, чым здольны, адпаведна сваiм сьцiплым магчымасьцям. Ды ўвогуле, трэба ўжо паставiць нейкую кропку ў гэтай справе, а то неяк не канкрэтна ўсё скончылася». Да таго ж, пад час падарожжа па краi, Аляксей Герасiмавiч пасьпеў пачаць вельмi раздражняць Слэйтара сваей бясконцай навязьлівай балбатней па радые ды тэлэбачаньнi, з-за чаго немагчыма было своечасова даведацца пра прагноз надвор’я.

Клiм усё не мог зразумець, адкуль узьнiкла адчуваньне, што адбываецца «штосьцi ня тое». Зразумела, што гэта робiцца падобным на рамяство. Можна атрымаць тытул - сэрыйны забойца тыранаў. Але справа не ў гэтым. Усё роўна, штосьцi не тое, штосьцi не так. А што - не зразумела.
- Буду чакаць цябе на плошчы. Хачу быць там. Я ўжо бачу, як людзi ўздымуць цябе і панясуць на руках! – зашаптала Алiса яму ў вуха, - Забей гэту сволач! Забей акуратна, адважна, як можа забiць толькi Бог! Забей яго, мiлы!
Яна пацалавала яго, адыйшла на пару крокаў, акiнула зачараваным позiркам і засьпяшалася на плошчу. Iшлi апошнiя хвiлiны перад выкананьнем прысуду вышэйшага сумленьня.
- Правер зброю, - заклапочана прапанаваў Гаркавы.
Клiм пакiнуў яго словы бяз увагi.
Нарэшце назiральнiк з плошчы паведамiў, што трэба дзейнiчаць.
- Пара! – Гаркавы даў сыгнал Клiму і некаму загадаў па тэлефоне, - Уключай!
Клiм, нерухома седзячы на матацыкле, скептычна паглядзеў на яго.
- Ну, давай жа! Зараз самы зручны момант! – нэрвова ўсклiкнуў унук Пархвена Фролавiча.
Клiм з выглядам чалавека, якi лянотна робiць ласку, завеў рухавiк, iрвануў з месца. Вырулiў на вулiцу, амаль не зьбiў з ног паставога дарожнай палiцыi, што перакрываў выезд са двара. Пачаўшы рух, адчуўшы пад сабой матацыкл, ен быццам вярнуўся на дванаццаць год назад, да яго ізноў вярнуўся той нiякаваты настрой. Казаць па-праўдзе, ен цяпер, як тады, не зьбiраўся нiкога забiваць, таму й цяпер, як тыды, усё павiнна было атрымацца.

Слэйтар зьверху заўважыў, што з мiлiцыянтамi, якiя перакрываюць уваход на плошчу з боку прасьпекту, пачало тварыцца штосьцi вельмi дзiўная. Дагэтуль спакойна стаячыя на месцы, яны пачалi варушыцца, прыкметна непакоiцца.
Сярод ацапленьня сапраўды ўзьнiкла нейкая незразумелая занепакоенасць, трывога. Людзi, адчуўшы невядома чым выклiканы дыскамфорт, азiралiся адзiн на аднаго і бачылi на тварах такi ж самы выраз роспачы й здзiўленьня. Пачуцьце прыгнечанасьцi iмклiва ўзрастала. Пачуцьце наблiжючагася мiстычнага жаху мацнела. Ахоплiвала панiка. Узьнiкала жаданьне зьбегчы прэч адсюль без аглядкi. Некаторыя пачалi хапацца рукамi за галовы, сьцiскаючы скронi.
Раптам на пустой вулiцы зьявiўся матацыклiст. Ен выглядаў так, нiбыта сыйшоў з малюнка падручнiка па гiсторыi. Пякельны прывiд - матацыклiст-забойца. Дэманiчная iстота з сучаснага мiту.
Усiм у краi даўно было зразумела, што з правадыром нешта абавязкова павiнна будзе здарыцца, асаблiва апасьля таго, як ен, абапiраючыся на вынiкi ўсенароднага рэфэрэндуму, iдучы насустрач жаданьню абсалютнай большасьцi свайго народу, абвесьцiў сябе пажыцьцева нязьменным кiраўнiком дзяржавы. Што гэты чаканы момант, калi «нешта здарыцца», настаў зараз, тлумачыць людзям не даводзiлася. Нiхто ня зьбiраўся апынуцца на шляху снайпера-збавiцеля, ката тыранаў. Менавiта ў iм яны ўбачылi прычыну свайго жаху і тлумачэньне цяжкага прадчуваньня небясьпекi, менавiта з яго зьяўленьнем зьвязалi ахапiўшую ўсiх панiку. Усе яшчэ дастаткова добра памятавалi, што здарылася з кiраўнiцтвам тэрытарыяльнай бясьпекi, ведалi, што недаўна здарылася з мiратворцамi. Далей ужо панавала толькi пачуцьце самазахаваньня.
Клiм вырашыў кiраваць прама на мiлiцыянтаў. Няхай будзе, што будзе. Да свайго вялiкага здзiўленьня ен убачыў, што iхныя шыхты на вачах радзеюць, яны спрытна разбягаюцца прэч з дарогi, кiнуўшы свой пост, забыўшыся на ўсе свае службовыя абавязкi, ледзь толькi ен зьявiўся. Не знiжаючы хуткасьцi, не сустрэўшы анiякага процiдзеяньня, ен уехаў на плошчу.

Слэйтар са сваей пазыцыi ўбачыўшы, што ахопленыя жахам мiлiцыянты пырснулi ў бакi ад зьявiўшагася матацыклiста, як тыя вераб’i, да якiх нечакана скочыў кот, iмгненна ўсё зразумеў. Ен схапiў вiнтоўку, прыпаў вокам да акуляру.

Клiм спынiўся насупраць трыбуны. Ен пачуў, што правадыр напужана змоўк, заглушаны ровам матацыклу, перарваў свае словы на сярэдзiне выказваньня. Клiм механiчна павярнуўся да яго, адначасова выпрастаўшы руку з пiсталетам. За сьпiной на плошчы напружана сьцiшыўся натоўп. Яны зразумелi і ўжо чакалi. Клiму падалося, быццам стаячыя на трыбуне побач с першым правадыром, пасунулiся ад яго ў бакi.
Клiм пасьпеў разгледзiць таго, у каго цэлiў. Скутыя жахам ды адчаям зьнямелыя вусны, здаецца, нячутна шэпчуць: «Не..». Бо ен таксама ўжо ўсё зразумеў і чакае. Скажоны жахам твар няшчаснага чалавека. Чалавека – ахвяры. Чалавека - закладнiка абставiн. Зусiм не такi. Не Дзядзя Ваня. Не Дзядзя Ваня ў другiм калене. Нешта ня тое…
У цiшынi прагучалi чатыры стрэлы, пяты, зроблены са снайперскай вiнтоўкi з глушыльнiкам, нiхто не пачуў. Клiм стрэлiу чатыры разы ў верхняю частку тулава. Слэйтар стрэлiў адзiн раз, але ў галаву. Кантрольны.
Яшчэ да таго, як цела забiтага, павалiлася спiной на падножжа помнiку ў павольна спаўзло ўнiз, размазваючы кроў па гранiтных плiтах, целаахоўнiкi, апамятаўшыся, пачалi страляць у адказ.
У Клiма адразу трапiла некалькi куль. Адна зь iх, што ўпiлася ў спiну пад левую лапатку, была даслана са снайперскай вiнтоўкi з вакна высокага будынку ўнiвэрсытэту - Слэйтар зрабiў кантрольны стрэл па другой цэлi. Ен ведаў пра Клiма значна болей, чым той сам пра сабе.
Плошча, трыбуна, людскi натоўп, у якiм дзесьцi была Алiса – ўсё закружылася, паплыло перад вачыма. Хтосьцi некуды бег, хтосьцi нешта крычаў. Усё ўжо ня мела анiякага сэнсу. У Клiма з роту пабег маленькi струменьчык крывi.
- Яна мяне выкарыстала! Яны ўсе мяне выкарысталi! – як маланка, мiльганула ў яго прыкрая думка і сьледам за ей ен лiхаманкава паспрабаваў узгадаць усе да адзiнага выпадкi, калi iньшыя яго выкарыстоўвалi, чамусьцi адчуваючы, што калi ўзгадае, гэта павiнна нейкiм чынам пазбавiць яго ад нявыноснага болю.
У iмгненьне ў сьвядомасьцi пранесьлiся ўсе моманты жыцьця, але анiводны зь iх нават блiзка не нагадваў анiякага выкарыстаньня яго iньшымi людзьмi. Мiльгануў твар Басаевiча за языкамi полымя, пад час размовы-спрэчкi на хутары ля вогнiшча. Кропкай у чарзе ўспамiнаў паўстала ўсьведамленьне бязвыхаднасьцi. Ад гэтага Клiм звар’яцеў. I, звар’яцеўшы, перастаў адчуваць боль.

Некалькi аўтамабiляў з групай захопу падляцелi да сталiчнага аэрапарту. Людзi ў чорных касцюмах, даволi груба распiхваючы пасажыраў, спрытна пабеглi ў будынак. У той жа час яшчэ некалькi малых аўтобусаў пад’ехалi прама да самалету, у якi толькi што скончылася пасадка. Узброеные аўтаматамi супрацоўнiкi спэцслужбаў у камуфляжы, бронекамiзэльках, масках на тварах, што высыпалі зь іх, абкружылi самалет. Другая частка па падагнаным назад да самалету трапе ўварвалася ўнутр.
Праз некаторы час яны, цяпер ужо нясьпешна, выйшлi абратна. Маланкавая апэрацыя па захопу не прынесла вынiку. Патрэбнай iм асобы на борце не аказалася. Яны спазьнiлiся. Людзi ў цывiльным высьветлiлi, што на самой справе пасажыр Сцяпан Мечыслававiч Гавенюк-Сумленны выляцеў у Лацiнскую Амэрыку iньшым рэйсам, на дзень раней.

Дзяжурны па паверху рэзыдэнцыi Першага Правадыра, заступаючы на змену, прымаў пост.
- Ну як, усё нармальна? – зьвярнуўся ен да свайго таварыша па службе, апасьля выкананьня фармальнасьцяў рытуалу.
- Канешне, што тут можа здарыцца.
- У горадзе кажуць неспакойна з-за гэтага замаху. Зноў мiтынгуюць. Зьнешняю ахову ўзмацнiлi. Гаспадар будзе на месцы сеньня?
- Так, пакуль у сябе.
- Слухай, у цябе брата няма? Я зараз на прыпынку гляджу – ты. Думаю, што такое?! Не мог жа ты з паста пайсьцi, мяне не дачакаўшыся. Ну копiя ты, як вылiты! Можа толькi трошкi вышэйшы ды ў цывiльнае апрануты. Я ўжо было павiтацца нават хацеў…
- Не, братоў няма. Я ж сiрата, у кадэцкiм вучылiшчы выхоўваўся, - запэўнiў той, спакойна ды цьверда паглядзеўшы ў вочы.
- Але трэба ж, бывае такое падабенства! Ну бывай, прыемнага адпачынку.
- I табе… прыемнага дзяжурства.

Правдыр адчуў адзiноту. Ды гэта ўрэшце не самае кепскае ў жыцьцi. Ен прызвычаiўся да адзiноты яшчэ дзiценкам. Яна нават была яму патрэбна. Толькi ў адзiноце магчыма адпачыць, узважыць свае далейшыя дзеяньнi. А акружаючых, iх усiх трэба трымаць на адлегласьцi і так трымаць, каб страшылiся ды паважалi.
Не гледзячы на заўчорашняе надзвычайнае здарэньне настрой Першага Правадыра быў спакойны й упэўнены. Ен адразу сказау сабе: «Адбылося тое, чаго трэба было чакаць. I я аказаўся гатовы, падрыхтаваны да гэтага». Сям’i загiнуўшага актора-двайнiка ен распарадзiўся выдзялiць добрую грашовую падтрымку ды пакласьцi пенсыю, арганiзаваць урачыстае пахаваньне, як вернаму целаахоўнiку, загiнуўшаму пры выкананьнi службовага абавязку. Дарэчы гэта й адпавядае афiцыйна агучанай версыi здарэньня. На правадыра здейсьнiлi замах, але ахоўнiк закрыў яго сабой. У сумятнi нiхто нiчога не зразумеў і не разгледзеў: хто павалiся, каго загароджваюць супрацоўнiкi тэрытарыяльнай бясьпекi, чыя кроў на гранiтных плiтах трыбуны. Потым тэлебачаньне паказала зманцiраваны патрэбным чынам сюжэт.
Ен сам асабiста будзе прысутнiчаць на пахаваньнi, засмучана схiлiць галаву перад паўшым героем, потым канешне ж скажа гнеўную прамову, у якой абавязкова будуць словы: «Эта былi выстрэлы не толька у мiня, эта былi выстрэлы ва усех нас!».
А пакуль, прачнуўшыся сярод ночы, ен адчуваў толькi адзiноту. Магчыма, каб не прымроiўся ў чарговы раз былы мiнiстар тэрытарыяльнай бясьпекi краю з адсечанымi кiсьцямi рук, выкрадзены ды закатаваны па яго загаду некалькi год таму, ен бы не падхапiўся ў ложку. Цяпер болей не заснеш, праз пару гадзiн сьвiтанак. I навошта ен тады глядзеў вiдэазапiс? Каб упэўнiцца другi раз, што яго людзi ўсё выканалi як трэба? Але можна было не сумнявацца. Напэўна, хацелася ўбачыць на ўласныя вочы перамогу над моцным ворагам. Цяпер сьнiцца бывае, калi нэрвы падгуляюць. I заўседы менавiта ен, астатнiя дык не, нiколi. Можа сумленьне непакоiць? Якое там, ен усё рабiў й робiць верна. Шкадаваць няма аб чым. Гэта ўсё ад нэрвовага перанапружаньня.
Раптам яго ўвагу прыцягнуў нейкi цiхi гук. Ен зыходзiў, здавалася, ад дзвярэй, выходзячых у калiдор. Правадыр прыслухаўся. Гукам было слабое павiскваньне. Потым з таго боку хтосьцi нiбыта маленькiмi кiпцiкамi цiхенька пашкрабаў у вялiкiя дубовыя дзверы. Правадыр ведаў, што ў канцы калiдору павiнен быў знаходзiцца дзяжурны ахоўнiк на сваiм пасту.
Ен рэзка прыадчынiў дзверы. Ля парога сядзела маленькае белае шчаня. Правадыр ад нечаканасьцi адскочыў назад, захлопнуўшы дзверы. У наступнае iмгненьне iм авалодаў моцны гнеў, выклiканы не меньш моцным спалохам.
Калi гэта нечы няўдалы жарт, ен будзе тому жартаўнiку дорага каштаваць! Ен зноў расчынiў дзверы, паклiкаў ахоўнiка. Той хуценька падбег.
- Што эта такое?
- Не ведаю, Аляксей Герасiмавiч! – у роспачы адказаў шчыра здзiўлены дзяжурны афiцэр.
- Немедленна разберысь, как жывотнае магло аказацца тут! Усех падняць! Сьпiце на пасту!
- Слухаюсь!
Правадыр вярнуўся да сябе, узрушаны пайшоў у глыбiню пакояў. Ен быў вельмi раззлаваны. Ад былога спакойства не засталося й сьляда. Падкiнулi сранага шчанюка! Дробязь, але зразумела, што зроблена наўмысна. Кiм?! Падбiраюцца сволачы ўсё блiжэй. Патрэбна было супакоiцца, засяродзiцца. Хутка скрозь хвалi гневу пад уплывам узьнiкшага пачуцьця небясьпекi пачаў прарэзвацца цьвярозы роздум. Па-першае – неадкладна зьмянiць ахову. Цалкам. Пераехаць у другую рэзыдэнцыю. Хаця, не. Сьпяшацца не трэба. Ворагi магчыма на гэта й разлiчваюць.
Спакойна разважаць усё роўна не атрымлiвалася. Сарваўся. Моцна грукнуў кулаком у сцену. Схапiў трубку сувязi:
- Начальнiка ахраны, усех сiлавiкоу ка мне! Срочна!
I зноўку захлеснулi эмоцыi: «Давiць! Трэба iх усiх давiць! Вынiшчыць iх усiх па ўсей краiне, хто толькi дзе застаўся, хто падазраецца, хто iм спачувае, хто падтрымлiвае, хто толькi дзе якiм бокам…, таксама сваякоў. А iнакш яны цябе! А iнакш яны… Толькi так! Падстава есць - ужо адбыўся замах! Хопiць зь iмi лiбэральнiчаць! Яны ўжо спрабуюць сьвяткаваць маю пагiбель! Адзiн загад! Рашуча й жорстка! Есць людзi, хто выканае любы мой загад. Усiх!».
Правадыр ня мог нiяк супакоiцца, нэрвова хадзiў па пакоях. Ен адчуваў варожасць, скiраваную на яго ад усяго навокал. Яна зыходзiа ад кожнай дробнай рэчы, нават ад апранутага на iм адзеньня. Яшчэ болей раздражняла адчуваньне, што ен не можа справiцца з гэтым iмклiва нарастаючым, як сьнежны ком, пачуцьцем. Ен асэнсоўваў, што лiтаральна губляе розум, становiцца непадуладным сабе, але нiчога не мог зрабiць. Гэтае пачуцьце было мацней за яго. Увесь навакольны сьвет зрабiўся суцэльнай варожасьцю. Такiя прыпадкi здаралiся ў яго й раней, але ен заўседы хутка знаходзiў выйсьце сваiм эмоцыям. Зараз знайсьцi выйсьце не атрымлiвалася. Гэта толькi болей надавала разбуральнай для псiхiцы злосьцi. Ен захлынаўся ў ей, адчуваў, што мозг закiпае. Вар’яцтва, што замкнулася ў непарыўны круг, набiрала абароты, мацнела з кожнай хвiлiнай, бязлiтасна зьмiнаючы асобу правадыра.
За вакном моцна ўзравеў матацыклетны рухавiк. Правадыр ужо не разумеў, чуе ен гэта на самой справе, альбо гэта толькi здаецца. Для розуму было вiдавочна, што пад вокнамi гэтай часткi рэзыдэнцыi анiякаму матацыклу зьявiцца было не магчыма. Але розуму фактычна ўжо не засталося. Цяпер жах падмянiў усе астатнiя пачуцьцi. Першародны жывельны жах. Правадыр, увесь сьцiснуўшыся, чакаў пачуць знаемы жудасны крык: «Апошняя помста!». Зараз ен не сумняваўся, што гэтым разам помста будзе сапраўды апошняй.
Аднак iшлi хвiлiны, а нiчога не адбывалася. За вокнамi стаяла цiшыня. У шэрай ранiшняй iмгле вiднелiся нерухомыя верхавiны дрэў з абляцелым лiсьцем. Зьбялеўшы правадыр, напружана, як загiпнатызаваны, працягваў чакаць, не адводзячы позiрку ад ваконнага праему. У зьнiшчанай сьвядомасьцi жыло толькi адзiнае ўсьведамленьне таго, што ў жыцьцi засталося апошняе – сядзець й чакаць.
За ваконным шклом паказаўся бяскроўны твар хлопца-падлетка абрамлены сiвымi валасамi. Твар быў застылы, нiбыта каменны, але зусiм не такi, якi бывае ў памерлага. Вочы заплюснутыя. Незвычайны прывiд павольна ўздымаўся ўверх, пакуль не стаў бачны ў вакне цалкам. Ен свабодна лунаў у паветры на ўзроўнi чацьвертага паверху рэзыдэнцыi. Постаць пачварнай зданi, нi на што не абапiраючыся, сядзела па-ўсходняму, пераплеўшы ногi.
Правадыра лiхаманкава калацiла. Мроiцца, альбо не - якая рознiца. Зараз ен бачыў менавiта гэта. Правадыр неадрыўна глядзеў на зьявiўшагася па яго.
Лiшасонця расплюшчыў вочы.

Частка 13. Апошняя.

- апошняя. Яна нi аб чым. Нiшто сабе, частка й частка. Прамiнем яе з нагоды забабонных меркаваньняў. Калi яна нi аб чым, значыць, й чытаць тут зусiм няма чаго.

Эпiлег.

Клiма пахавалi на ўскрайку сталiчных могiлак, у агульным рове, у груба скалочанай труне з неабструганых дошак, з бiркай з iнвентарным нумарам, прыкручанай да нагi.
Праз колькi год, пасьля чарговай зьмены палiтычнага курсу, яго прах быў знойдзены і перапахаваны больш прыстойным чынам.

Басаевiч, даведаўшыся ад былых паплечнiкаў па барацьбе аб тым, што адзiнай з прычын няўдачы паўстаньня зьявiлася здрада аднаго з галоўных кiраўнiкоў, якi аказаўся правакатарам і дзейнiчаў на карысць правадыра, накiраваўся ў далекае замежжа, у краiну, куды той кiраўнiк-здраднiк, выкрыты, уцек і зараз хаваўся. Адшукаў яго там i, па ўласнай iнiцыятыве, жорстка забiў. Потым, вярнуўшыся, каб пазьбегнуць арышту, быў вымушаны скрывацца. Ен зьнiк ад усiх. I ад ворагаў, i ад сяброў. Нiхто ня ведаў, дзе ен.
На самой справе, ен, ператварыўшыся ў бамжа, каля года бадзяжнiчаў у бруднай вопратцы жабрака па неабсяжнай тэрыторыi Федэрацы, вандруючы на грузавых паяздах. Потым далека на ўсходзе нелегальна перайшоў мяжу і зрабiўся будыйскiм мнiхам-пустэльнiкам, праводзячы час у гарах, у медытацыях, сам на сам з некранутай дзiкай прыродай.

Слэйтар, з дапамогай плястычнай апэрацыi зьмянiўшы выгляд, зьнiк для федэральнай службы бясьпекi і для ўсiх, хто раней яго ведаў. Хутка ен адчынiў уласную справу - стварыў банк донарскiх ворганаў, наладзiў дылерскую сетку па ўсей Федэрацыi ды суседнiх краiнах. У гэтым бiзнесу ен дасягнуў вялiкiх посьпехаў.

У невялiкай краiне, што знаходзiлася на другiм баку плянэты, наступные некалькi год тамтэйшыя спэцслужбы безвынiкова палявалi на асаблiва небясьпечнага дзяржаўнага злачынцу Стэфанiо Міерда-Верганзосу. Вынiкам ягонае дзейнасьцi там стала зьмена ўлады і доўгi судовы працэс над былым кiраўнiцтвам.

Народ краю па-ранейшаму ўпарта не жадаў быць сабой, сарамлiва хаваючыся сярод тутэйшага насельнiцтва, станавiўся ўсё болей непрыкметным. Насельнiцтва краю, не гледзячы на пагаршэньне дэмаграфiчнага становiшча, некаторы час працягвала iснаваць.

Правадыр быў апошнi з жывых, хто бачыў Лiшасонцю.

Лiшасонця было апошняе, што бачыў правадыр у жыцьцi.


Postscriptum:
Заўвагi:

Аўтар прыносiць прабачэньнi адукаваным чытачам за непiсьменнасць ды адсутнасць валоданьня як «тарашкевiцай», гэтак жа й «наркомаўкай», i просiць лiчыць дадзены тэкст уласным варыянтам беларускае мовы.

Аўтар выказвае спачуваньнi сваякам загiнуўшых пры стварэньнi сюжэту.

Аўтар здымае з сябе ўселякую адказнасць за далейшыя паводзiны й лес створаных iм вобразаў ды пэрсанажаў у лептонным полi плянэты.

Аўтар выказвае падзяку за падказаныя iмены дзеючых асобаў:

- Вiталю Вiктаравiчу М-скаму. (Басаевiч, Гаркавы, Загнойскi, iньш.)
- iнжынеру Аляксандару Вiталлевiчу Ц-еву. (Ябiбабчык, проч.)
- сабе роднаму (Лiшасонця & усе астатнiя)

Аўтар выказвае шчырую падзяку за натхненьне:

- P-166 MMX
- СПА «Край»
- рок-гурту «Aquamorta»
- апошняму (на сеньняшнi дзень) дыктатарскаму рэжыму ў Эўропе
- каралю Стаху
- Тарасу Бульбе
- Лiену-кiлеру
- заслужанаму педагогу джэдаяў Йодзе
- усiм простым (як праўда) людзям
XII. 2002 - V. 2003 (частка 12, Эпілег), 1989 (частка 13)
Belarus - БССР
©  Dobry dziadźka Han
Объём: 1.115 а.л.    Опубликовано: 08 09 2007    Рейтинг: 10.04    Просмотров: 3850    Голосов: 1    Раздел: Приключения
«Дарога – 3 (Лiшасонця) частка 11-2»   Цикл:
Па-беларуску
«Дарога - 4 “Дарожныя здарэньні”»  
  Клубная оценка: Нет оценки
    Доминанта: Метасообщество Беларуская прастора (Пространство, где участники размещают свои произведения и общаются на белорусском и русском языках)
Добавить отзыв
бывайте09-09-2007 23:34 №1
бывайте
Уснувший
Группа: Passive
Добры дзядзька
Большое, серьёзное произведение. Конечно вся прелесть, колорит и самобытность присуща родному языку автора, его мыслям и впечатлениям, но хотелось бы увидеть рядом ещё и вариант на русском языке. Чтобы для себя прояснить подробнее все детали обороты и сюжета и вникнуть в перепетии событий и диалоги героев.
Не ленись Добры дзядзька, не останавливайся на достигнутом, будь добр, переводи на россиянский - вноси вклад в культуру 21 века. Читатели требуют (топот ног в читальном зале).
Dobry dziadźka Han10-09-2007 01:11 №2
Dobry dziadźka Han
Автор
Группа: Passive
Боюсь, это выше моих сил. Так что в ближайшей перспективе не обещаю. Наверное, кому сильно хочется, быстрей чем это случится, успеют сами выучить бел. мову.)))
Niama škadavańniaŭ - niama litaści.
бывайте10-09-2007 01:45 №3
бывайте
Уснувший
Группа: Passive
Dobry dziadźka Han
"Бляка-муха" - тяжело на старости лет снова в школу, за парту "бел. мову" учить!
Dobry dziadźka Han10-09-2007 02:08 №4
Dobry dziadźka Han
Автор
Группа: Passive
krestyanin, а ты вообще спишь иногда?
Niama škadavańniaŭ - niama litaści.
Добавить отзыв
Логин:
Пароль:

Если Вы не зарегистрированы на сайте, Вы можете оставить анонимный отзыв. Для этого просто оставьте поля, расположенные выше, пустыми и введите число, расположенное ниже:
Код защиты от ботов:   

   
Сейчас на сайте:
 Никого нет
Яндекс цитирования
Обратная связьСсылкиИдея, Сайт © 2004—2014 Алари • Страничка: 0.02 сек / 36 •