Литературный Клуб Привет, Гость!   ЛикБез, или просто полезные советы - навигация, персоналии, грамотность   Метасообщество Библиотека // Объявления  
Логин:   Пароль:   
— Входить автоматически; — Отключить проверку по IP; — Спрятаться
Ведь кто имеет возможность пустить силу, тому вовсе нет нужды обращаться к суду.
Фукидид
Dobry dziadźka Han   / Па-беларуску
Дарога - 3 (Лiшасонця) частка 4
Усё на крывi, усё на касьцях,
Усё шматзначна й адназначна.
N.R.M. «Я еду».
раман аб вырадках у 13 частках

(Усе супадзеньнi не выпадкова зьяўляюцца супадзеньнямi)

ЗЬМЕСТ :

Частка 1. (Першая)
Частка 2. Хаўрусьнiкi
Частка 3. Незвычайная просьба
Частка 4. У дарозе да сталiцы
Частка 5. У сталiцы
Частка 6. У дарозе са сталiцы
Частка 7. Iнсургенты
Частка 8. У лесе, на возеры, на краi краю
Частка 9. Маска гневу
Частка 10. Левiтацыя
Частка 11. Сьвята Ўраджаю
Частка 12. Апошняя помста. Эпiлег.
Частка 13. Апошняя

Частка 4. У дарозе да сталiцы.

Клiм, седзячы на месцы памочнiка машынiста, углядаўся ў наплываючыя краявiды. На раз’ездах амаль не траплялася сустрэчных паездоў. За дзень усяго некалькi, мясцовага прызначэньня, з сумнымi пасажырамi за бруднымi вокнамi вагонаў. На бачных раз-пораз абапал чыгункi сельскiх дарогах толькi зрэдку дзе ўздымала пыл праязджаючая машына. Часам здавалася, што краiну пакiнула цывiлiзацыя, а засталiся толькi сьляды яе былой прысутнасьцi: напалову разбураныя хлявы, палеткi, на адных зь якiх пачалi ўжо ўзыходзiць маладыя хвоi скрозь зарасьцi хмызьняку, а на другiх жыта яшчэ працягвала змагацца з буйнымi блакітнымi кветкамi за месца пад сонцам. Ва ўсiм: у адзiнокiм грукаце колаў на стыках рэек, у аблезлай фарбе шыльдаў з назвамi прыпынкаў, у крывых чорна-белых слупках на пераездах, у вялiзным iржавым замку на дзвярах станцыйнага аддзяленьня сувязi, нават у лянотным палеце рэдкiх птушак у сьпякотным небе, адчуваўся стан непарушнага ўсеагульнага летаргiчнага сну.
Краiна часткова павымерла, часткова ляжала з ранку пьяная ў цяньку пад плотам, часткова ўцекла ў мясьцiны, дзе iснаваньне было болей падобнае да сапраўднага чалавечага жыцьця.
Ад аднольквасьцi навакольных зрокавых вобразаў i чарговага вартаваньня поезду мiнулай ноччу Клiм пачаў заплюшчваць вочы i патроху драмаць. Яму чамусьцi прымроiўся твар падазронага старога, якi падыходзiў калi яны вымушана спынiлiся, толькi што перасекшы мяжу. Зрэшты, мяжа памiж краем i Федэрацыей была паняцьцем умоўным i выразна бачна толькi на мапе. «Калi б не было завалаў на рэйках, мы б не спынялiся, - санлiва разважаў Клiм, - калi б мы не спынялiся, стары не пагутарыў бы са мной. Цiкава, цi звычайная тут справа - рабiць завалы на рэйках? Можа, гэта паўстанцы? Не, здаецца, яны далека адсюль. Напэўна, гэты самы дзед i зрабiў. Напэўна, ен адзiнокi, сумуе, яму няма з кiм паразмаўляць. У яго шмат вольнага часу. Вось ен i робiць, робiць завал, цягне гэтыя шпалы адну за другой на рэйкi, каб спынiць цягнiк i хоць крыху з кiм-небудзь паразмаўляць. Так, цягне шпалы, чакае цягнiк, каб паразмаўляць…. Бо тут зусiм няма з кiм й няма аб чым размаўляць». Клiм на хвiлiну расплюшчыў вочы, наперадзе па-ранейшаму, да самога небасхiла бегла рэйкавая калея. Вочы зноў заплюшчылiся. Дзiўны дзед нiяк не сыходзiў з памяцi, рысы ягонага твару ўпарта кагосьцi нагадвалi Клiму. Раптам ен здагадаўся каго. Браты-прадпрымальнiкi! Сапраўды, падобныя, як сыны на бацьку. «Ды не, глупства якое, - разважыў Клiм, - хутчэй бы даехаць, ужо ўсякая бязглуздзiца ў галаву лезе. За апошнiя днi гэты звар’яцелы стары – мае самае яскравае ўражаньне, чорт бы пабраў гэта падарожжа!».
Спаць усё роўна ня атрымлiвалася. Клiм паглядзеў на маўклiвага Слэйтара. «Можа паразмаўляць?».
- Напэўна, былы вайсковец? – пачаў ен.
- Чаму ты вырашыў?
- Бачна выпраўку.
- Ну, калi бачна, верагодна так i есць.
- А дзе служыў, у якiх войсках?
- Ды ў розных, патрошку давялося.
- Мабыць i з варонамi змагаўся?
- Дзякуй богу, не. Не пашчасьцiла.
- Да, нарабiлi яны бяды ў свой час, – Клiм вырашыў паспрабаваць разгаварыць Слэйтара.
- У мяне ад iх дальнiя сваякi загiнулi, – падтрымаў размову ен.
- Так, бадай што, у кожнага хтосьцi са сваякоў загiнуў, асаблiва, хто на мацярыку жыў. Цэлыя рады згасьлi.
- А ты дзе жыў, на мацярыку, альбо на Дарозе? – пацiкавiўся Слэйтар.
- Я? Я на Дарозе, – не адразу адказау Клiм.
- Кажуць, варонамi кiраваў некi незвычайны чалавек-навуковец з Дарогi. Ен меў магчымасць уздейнiчаць на iх. А калi яго забiлi, вароны хутка самi па сабе зьнiклi. Нехта Вульфiй, чуў пра такога?
Напамiн аб Вульфii выклiкаў непрыязны выраз на твары Клiма.
- Чуў, вядома ж. Толькi нiякi ен не навуковец быў, а звычайны вар’ят. Вырадак. Адурманьваў даверлiвых прасьцячкоў наркотыкамi ды скiдаў з даху хмарачоса, на пацеху сабе й абывацелям, – нечакана злосна адказаў ен.
- А скуль ведаеш?
- Ведаю. Даводзiлася сустракацца. – Клiм ужо пашкадаваў, што гутарка перайшла на гэтую тэму i ен пасьпеў столькi паведамiць пра сабе, у той час як Слэйтар пра сабе – амаль нiчога.
Клiм разнэрваваўся i раптам, нечакана для самога сабе, прама запытаўся ў Слэйтара:
- А цi шмат людзей ты забiў?
- Шмат, – спакойна адказаў той адразу ж, як быццам чакаў гэтага пытаньня, i дадаў, - я ж - вайсковец.
Суразмоўцы на некаторы час змоўклi. Абодва глядзелi наперад, на дарогу.
- А ты? – запытаўся Слэйтар.
- Аднаго. Ды й той – калека, – адказаў Клiм i задаволена ўсьмiхнуўся, верагодна, прыгадаўшы тыя падзеi.

Цяпер чыгунка праходзiла па беразе даволi вялiкай ракi. Яе было амаль заўседы бачна з поезду з левага боку. Сыгнал светлафору забараняў рухацца. Прыйшлося спынiцца. Гэта быў раз’езд з назвай Пыкась, вымавiць, як запнуцца. Клiм паглядзеў на шыльду. Тутэйшая тапанiмiка, у большасьцi выпадкаў, чамусьцi выклiкала ў яго агiду сваiм напiсаньнем й гучаньнем. Гэты выпадак ня быў выключэньнем.
Слэйтар зьвязаўся з дзяжурным.
- Сустрэчны. Хвiлiн пятнаццаць прыйдзеца чакаць.
Хаўрусьнiкi саскочылi з цягнiка прайсьцiся, размяцца. Непадалек была зачыненая крама. Каля яе нецвярозы мужык чакаў адкрыцьця. Па вулiцы наблiжалася кабета з малым дзiценкам. У бок ад чыгункi да пантоннага маста вяла старая брукаваная дарога. Па масту можна было трапiць на другi бераг, там вiднелася нейкая паселiшча.
Кабета падыйшла, павiталася з пьянiцам.
- Што, не адчыняець яшчэ? Мо, тавар палучаць паехала.
- А там, у «правадырскiм» ня была, цi есць што? – спытаў мужык.
- Там толькi «Дорога», фiрмовая, ты такую ня пьеш.
Змоўшчыкi спусьцiлiся з насыпу, падыйшлi да iх.
- Дзень добры, людцы! Як вам жывецца тутака?
- Жывецца, як можацца. – крыху насьцярожана адказала жанчына, - Там у вас мо лепей?
- Усюды добра, дзе нас няма.
- А што, паўстаньня няма тут у вас? – пацiкавiўся Клiм.
- Ды дзе яно, тое паўстаньне? Па радые перадавалi – нейкую банду ловяць, дык то ня ў нашай вобласьцi.
Клiм адчуў, што жанчына на самой справе ведае куды болей пра паўстаньне, але ж з незнаемымi лiчыць за лепшае размаўляць толькi пра тое, што кажуць па радые.
- Ну-у, зямляк не дазволiць iм тут нiчога! – далучыўся да размовы нецьвярозы мужык, - у яго ўсё вось як, - паказаў сьцiснуты кулак, - заўчора, колькi сiлы вайсковай везлi, ого! Нiчога ен iм не дазволiць! А вы, што ж, з Федэрацыi, камерцыяй, напэўна, займаiцеся?
- Так.
- Ну то, вядома, зараз усе ў камэрцыю падалiся. – зрабiў выснову мясцовы знаўца сучаснага жыцьця.
- А мы, як раз вось, вашага земляка купляць едзем, у звярынец сабе. Кажуць, ен такi вусаты адзiны застаўся. – нечакана глупа пашуткавалi браты.
Мужыка гэта нiбыта абразiла.
- Ну ты, хлопец, тут не пляцi абы-што. Гэта вы там у сабе … iк, - пьянiца iкнуў, - не нашага розуму гэтыя справы, так та …
Пачуўся крык кабеты, яна накiнулуся на хлопца-праваднiка:
- Што ты на дзiце так вочы вылупiў! Сурочыш!
I сапраўды, дзiценак пад неадрыўным позiркам хлопца-абадранца пачаў аж заходзiцца ад плачу й дрыжаць ды калацiцца ўсiм сваiм кволым цельцам.
Сустрэчны ўжо прайшоў i змоўшчыкi засьпяшалiся да цягнiка.
- Iш, панаехалi ўсякiя, - крычала iм наўздагон раззлаваная жанчына, - вырадка свайго лепей у звярынец пасадзiце! Дзябiл чортаў, дзiценка так напужаў! У-у, поскудзь!

Клiм пайшоў у вагон да братоў-прадпрымальнiкаў, паспрабаваць паразмаўляць зь iмi. На першы погляд гэта падалося значна лягчэйшым ды прасьцейшым, чым са Слэйтарам. Неўзабаве Клiм асьцярожна пацiкавiўся пра тое, што турбавала яго ад пачатку падарожжа.
- А што, няўжо лепшага праваднiка не знайшлося, чым гэты хлопец? Ен жа, здаецца, на галаву хворы, не размаўляе зусiм, а справа наша не цацачная? Чаму ен?
Ад гэтага пытаньня бесклапотная гаварлiвасць братоў адразу зьнiкла. Яны неяк дзiўна паглядзелi на Клiма, ад чаго той пашкадаваў, што запытаўся й разам з тым, зноўку адзаначыў iх падабенства рысамi твараў з сустрэнутым напярэдаднi дзедам. Браты адказалi:
- Ведаеш, калi ў нас хоць што-небудзь атрымаецца, дык толькi дзякуючы яму.

Застаўшыся ў кабiне цягнiка адзiны, Слэйтар ня надта засмуцiўся. Дзiунаваты спадарожнiк ужо пасьпеў яму надакучыць сваiмi размовамi, а яму зараз было патрэбна засярэдзiцца на сваiх пачуцьцях, каб вызначыцца ва ўласным стауленьнi да разгортваючыхся падзеяў.
Кiраўнiцтва лiчыла Слэйтара за аднаго з надзейнейшых агентаў, якому можна было даручыць справу высокай складанасьцi і ня сумнявацца, што ен усё выканае, як трэба. Так у асноўным i адбывалася, у выпадках, калi Слэйтар не бачыў дзеля сабе асабiстай цiкаўнасьцi. Тады ен, сапраўды, рабiўся толькi сьляпым выканаўцай чужой волi, што, дарэчы, iньшы раз падвышала яго каштоўнасць у вачох кiраўнiцтва Камiтэта бясьпекi Федэрацыi.
Аднак, Слэйтар заўседы падыходзiў у першаю чаргу са сваей асабiстай ацэнкай, вядома ж, калi справа заслугоўвала ягонае ўвагi. Толькi вызначыўшыся сам, у адпаведнасьцi з уласным поглядам на жыцьце, ен пачынаў дзейнiчаць менавiта так, як лiчыў патрэбным. Зразумела, калi б кiраўнiцтва ведала аб гэтай якасьцi яго характару, ен карыстаўся б куды меньшым даверам, а магчыма, што й увогуле быў бы прызнаны няпрыгодным для працы сакрэтнага агента. Але да гэтый пары погляды на жыцьце Слэйтара i яго работадаўцаў, верагодна, у асноўным пакуль што супадалi. Цяперашнюю сваю працу ен расцэньваў не болей, чым за рамяство наемнiка, якое кормiць на дадзеным жыцьцевым этапу. Зрэшты, усё жыцьце ен i працаваў наймiтам у войску, у прыватных асобаў, у сакрэтных службах. Калi яго задавальнялi ўмовы й аплата. Маючы выдатны паслужны сьпiс, Слэйтар заўседы падбiраў працу па сабе. Яна павiнна была быць дастаткова цiкавай, мець разумную долю рызыкi. Тут трэба зазначыць, што прымальная разумная доля рызыкi для Слэйтара была значна большай, чым для звычайнага сярэднестатыстычнага чалавека, мабыць на некалькi парадкаў.
Ва ўласных ацэнках Слэйтар быў далекi ад таго, каб карыстацца зьбiтымi хрысцiянскiмi катэгорыямi «дабра» ды «зла». Ен меў асабiстае адчуваньне таго, што «так», а што «ня так». Тое, што было «ня так» выклiкала раздражненьне. Чым болей «ня так», тым мацнейшае. З людзьмi ды становiшчамi, якiя выклiкалi раздражненьне, Слэйтар рашуча й неадкладна распраўляўся.
У цяперашняй справе ен адразу адчуў, што гэта зусiм ня той выпадак, калi дастаткова быць сьляпым выканаўцам загаду. Ды й у гэтай справе яно б так ня атрымалася. Справа была складанай, з мэтай, амаль гэткай жа нявыразнай, як у Клiма. Слэйтару было загадана спынiць дзейнасць дакладна невядома каго цi чаго. Спачатку ен павiнен быў высьветлiць, даведацца пра тое, хто, альбо што гэта. Зразумела, што справа адразу выклiкала ў яго сваей незвычайнасьцю вялiкую асабiстую цiкаўнасць, ен з энтузiязмам згадзiўся ўзяцца за яе, бо жыцьце апошнiм часам зрабiлася даволi сумным і не насычаным яскравымi падзеямi.
Слэйтар уключыў радые. У кабiне загучаў сiпаты голас таварыша Першага Правадыра. «…i я эта знаю, i вы усе прэкрасна эта знаiце! Но нiчэго не вышла. Мы не пазволiлi, мы сарвалi эцi iх планы. Вы панiмаеце к чэму эта шло, што гатовiлась, анi гатовiлi плацдарм для высадкi iзвесна какiх сiл, i што бы тагда случылась страшна прэдставiць. I мы у паследнi мамент смаглi этаму васпрыпятствываць. I слава богу, што нам воврэмя памаглi нашы iсцiные друзья. Я усегда аткрыта гаварыл i гавару, кто наш друг, а кто нет. I вы прэкрасна эта знаiце. Кто спiт i вiдiт, как бы толька нас убраць. I усе iх здешнiе прыхлебацелi, усе эцi шавкi, сечас анi падалi голас i себя проявiлi, i показалi, хто есць хто на самом деле. Хто действiцельна, за народ, за выбраную народам уласць, а хто за сваi серэнькiе iнцерэсы. А це рукавадiцелi - i обласцi, i районау, i армейскiе камандiры, цеперь ужэ бывшые, в этам можаце не самневацца, онi ешчо атветят за сваю пазiцыю, занятую в этай сiтуацыi. Назаву вешчы сваiмi iменамi – за прэдацельства, за прэступнае бездействiе. Патаму што такое стала вазможным толька пры iх папусцiцельстве i, зачастую, пры прамом непасрэдственнам саучастii. Каму следует, с нiмi са усемi разберуцца, где бы анi не пыталiсь скрывацца. Онi атвецят перад народам, перад гасударствам за папытку гасударственнага пераварота. А эцi банды, каторые пака ешчо кое-где агрызаюцца, мы лiквiдiруем в самый кратчайшы срок. Паутарэнiя усем iзвесных варыантау на нашай земле мы не дапусцiм. Даю вам слова, как правадыр, как гарант канстiту...». Слэйтар выключыў радые, зразумеўшы, што прагноз надвор’я пачуе ня хутка.
Праехалi яшчэ адну станцыю. У адрозненьне ад большасьцi iньшых, тут будынкi былi адрамантаваны, усё пафарбавана, добраўпарадкавана, нават цэгла старой воданапорнай вежы чырванела, як новая. Такi ж вонкавы парадак быў наведзены й ва ўсiм гарадку. Таму было дзве прычыны: па-першае – гарадку пашчасьцiла, што менавiта ў iм зрабiў свае першыя крокi ў дарослым жыцьцi цяперашнi ўсенародны правадыр, па-другое – з нагоды першае прычыны гарадок стаў месцам правядзеньня галоўнага дзяржаўнага сьвята – Сьвята Ўраджаю, адзначанага тут з небывалым размахам. Слэйтар ведаў i гэтыя акалiчнасьцi тутэйшага жыцьця, бо загадзя грунтоўна рыхтаваўся да свайго падарожжа у край.
Чыгунка праходзiла па ўзвышэньню, адкуль адкрываўся вiд на гарадок. Слэйтар зьвярнуў увагу, што большасць дахау пафарбавана ў ружова-чырвоны колер. «Добра будзе бачна з паветра» - зазначыў ен.
Меньш, чым праз гадзiну поезд даехаў да вялiкага гораду. Там прыйшлося спынiцца на даволi працяглы час. Усе станцыi былi забiты вайсковымi саставамi з кантынгентам мiратворчых сiлаў. Бясконцыя плятформы з танкамi й бронемашынамi, гарматамi, вайсковымi грузавiкамi, радыестанцыямi, вагоны з жаўнерамi. Мiратворцы павiнны былi не дапусцiць таго, што адбылося у суседняй вобласьцi. Гэта прыбыло дадатковае ўзмацненьне, таму што на пачатку апэрацыi мiратворцы пацярпелi там паразу ад сэпарацiстаў. Саставы прыбылi некалькi дзен таму, але цi то разгружалiся марудна з-за нейкiх тэхнiчных альбо арганiзацыйных цяжкасьцяў, цi то ня сьпяшалiся з прычыны таго, што ў вышэйшых палiтычных колах яшчэ не да канца вызначылiся ў неабходнай колькасьцi кантынгенту мiратворцаў, каб у вачох мiжнароднай супольнасьцi гэта не выглядала акупацыяй краiны.
Браты-прадпрымальнiкi адразу ж пабеглi па чыгуначнаму начальству, з дапамогай хабару й паперкi з подпiсам «самога», здабываць «зяленую вулiцу» свайму «камэрцыйнаму» рэйсу. Дазвол на рух уласнага цягнiка ад упраўленьня адзяленьня дарогi яны мелi.
Хлопец-абадранец увесь час сядзеў у зачыненым вагоне. Клiм са Слэйтарам чакалi братоў у цягнiку. Iм давялося назiраць, як на суседнiх пуцях да саставаў з вайскоўцамi, ня гледзячы на ацапленьне ды вартавых, пракрадаюцца зусiм маладыя хлопцы, амаль дзецi, й раздаюць жаўнерам па вагонах нейкiя ўлеткi. Хутка мiлiцыянты здолелi злавiць некалькiх, астатнiя спрытна разьбеглiся пад вагонамi. Усьлед за гэтым з’явiлiся афiцэры-мiратворцы, якiя абыходзiлi вагоны з падначаленымi і загадвалi жаўнерам аддаваць улеткi iм. Аднак, хлопцы пасьпелi раскiдаць шмат улетак з пешаходнага мастка, што праходзiў над пуцямi, i зараз, вецер насiў iх па усей станцыi. Некалькi прыбiлася да цягнiка змоўшчыкаў. Клiм падхапiў паперкi, прачытаў:
«Солдаты! Вас используют грязные политики!
Вашими руками пытаются задушить борьбу народа
против диктатора, обманом захватившего власть.
Вы видите, почему диктатор использует Вас
– наша армия отказывается воевать со своим народом.
Спросите себя:
Нужна ли Вам эта война?
Нужно ли Вам жертвовать своей жизнью
за чужие интересы - интересы правителей-подонков?
Помните – восставший народ будет бороться до конца!».
I далей у духу гэтага. Былi яшчэ ўлеткi, дзе пералiчвалiся асноўныя злачынствы правадыра i ягоных памагатых – фальсыфiкацыi, расправы над палiтычнымi апанентамi, у тым лiку iх фiзычнае зьнiшчэньне, пазбаўленьне грамадзян правоў й свабод, фiнансавыя махiнацыi.
Тым часам, браты-прадпрымальнiкi выклiкалi ў душы начальнiка дыстанцыi пуцi пачуцьце рабалепнай павагi да подпiсу Першага Правадыра і, з нагоды валодання гэткай паперкай, да сабе асабiста, ды крыху падмацавалi матэрыяльны дабрабыт дыспетчара й начальнiка станцыi, каб справа рухалася хутчэй.
Позна ўвечару, калi браты, нарэшце, вырашылi й уладзiлi усе пытаньнi, хаўрусьнiкi бесперашкодна працягнулi падарожжа i ранкам, бяз асаблiвых прыгод ды здарэньняў, наблiзiлiся да сталiцы краю, дзе цягам апошнiх дзен прывiд матацыклiста-забойцы ўжо некалькi разоў з’яўляўся перад рэзыдэнцыяй Першага Правадыра, ня iнакш, прадказваючы бяду. Яго неаднаразова бачылi ахова й выпадковыя мiнакi на начных вулiцах. Па сталiцы пачалi распаўзацца змрочныя мiстычныя чуткi.
VI - X. 2002
Belarus
©  Dobry dziadźka Han
Объём: 0.421 а.л.    Опубликовано: 30 08 2007    Рейтинг: 10    Просмотров: 5888    Голосов: 0    Раздел: Приключения
«Дарога – 3 (Лiшасонця) часткі: 1,2,3»   Цикл:
Па-беларуску
«Дарога - 3 (Лiшасонця) частка 5»  
  Клубная оценка: Нет оценки
    Доминанта: Метасообщество Беларуская прастора (Пространство, где участники размещают свои произведения и общаются на белорусском и русском языках)
Добавить отзыв
Логин:
Пароль:

Если Вы не зарегистрированы на сайте, Вы можете оставить анонимный отзыв. Для этого просто оставьте поля, расположенные выше, пустыми и введите число, расположенное ниже:
Код защиты от ботов:   

   
Сейчас на сайте:
 Никого нет
Яндекс цитирования
Обратная связьСсылкиИдея, Сайт © 2004—2014 Алари • Страничка: 0.02 сек / 29 •